Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́Н (грэч. Solōn; паміж 640 і 635 — каля 559 да н.э.),
афінскі (Стараж. Грэцыя) палітычны дзеяч, рэфарматар. Паходзіў са збяднелага арыстакратычнага роду Кадрыдаў. Пасля абрання ў 594 на пасаду архонта ажыццявіў шэраг рэформ у інтарэсах афінскага дэмасу: скасаваў пазыковае рабства, уніфікаваў меры вагі і грашовую сістэму, увёў закон пра свабоду завяшчання і інш. Ранейшы падзел грамадзян паводле родавага паходжання С. замяніў на 4 маёмасныя разрады (філы), якія вызначалі правы і абавязкі грамадзян паводле памераў прыбытку. Усе грамадзяне атрымалі права браць удзел у эклесіі (нар. сход). Заснаваў новы орган кіравання — Раду 400, куды выбіралася па 100 чал. ад кожнай з 4 разрадных філ, і геліэю (суд прысяжных). Рэформы С. сталі важным этапам на шляху ўсталявання афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. С. — адзін з першых атычных паэтаў. Стараж. грэкі прылічалі яго да «сямі мудрацоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́Н (франц. salon, італьян. salone ад sala зала) у архітэктуры і мастацтве, 1) у 15—17 ст. вялікае параднае памяшканне ў італьян. (пазней і інш.еўрап. краін) палацах, прызначанае для прыёмаў, збораў, канцэртаў і інш. 2) Літ.-маст. гурток, які збіраецца ў прыватным доме. Вядомы ў Францыі з 17 ст. (С. маркізы дэ Рамбуе), у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. (С. княгіні З.А.Валконскай у 1-й пал. 19 ст. ў Маскве) і інш. 3) Зала, памяшканне для экспанавання і продажу твораў мастацтва (гл. таксама Мастацкая галерэя).
4) Перыядычная публічная выстаўка твораў сучаснага мастацтва. Першая афіц. выстаўка, дзе экспанаваліся творы жывых мастакоў, адбылася ў 1653 у Парыжы па ініцыятыве Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1673 С. ладзіліся пад адкрытым небам, у палацы Пале-Руаяль, з 1699 у Луўры (да 1736 у Вял. галерэі, у 1737—1848 у т.зв. Квадратным С.; адсюль назва), пазней у Вял. палацы, з 1848 у палацы Гран Пале на Елісейскіх палях. Да 1746 адбываліся штогод, пазней раз у 2 гады. Да сярэдзіны 19 ст. былі найб. прадстаўнічай афіц. выстаўкай у Францыі, дзе экспанаваліся творы пераважна чл. акадэміі і т.зв. прызначаных. Майстры, якія не займалі значнага месца ў маст. іерархіі, выстаўлялі свае творы на пл. Дафіна (т.зв. С. маладых) і інш. Арганізацыя С. паўплывала на фарміраванне выставачнай дзейнасці (з’яўленне першых каталогаў, крытычных артыкулаў, маст. журы і інш.). З пач. 19 ст. арганізатары С. падтрымлівалі руціннае акад. мастацтва, варожа ставіліся да наватарства і парушэння традыцый (гл.Салоннае мастацтва), што выклікала вострую барацьбу маст. кірункаў і іх супрацьпастаўленне С. З 1881 у веданні Т-вафранц. мастакоў, якое ладзіць штогадовыя «Веснавыя С.» (з 1903 таксама «Восеньскія С.»). З канца 19 ст. ўзнікаюць авангардысцкія выстаўкі, якія таксама маюць назву С. (напр., «С. Незалежных», 1884) і С. ў інш. краінах. У шырокім значэнні — унутр. памяшканне аўтобуса, самалёта, аўтамабіля і пад. для пасажыраў.
французскі паэт. Папярэднік франц. сімвалізму. Друкаваўся з 1840 (вершы, брашуры «Салон 1845 года», «Салон 1846 года»). Удзельнік Рэвалюцыі 1848, выдаваў дэмакр.-рэсп. газету «Le salut public» («Грамадскі ратунак»). Расчараваўшыся ў выніках рэвалюцыі, адышоў ад палітыкі, асудзіў «бунт» як грэх. Выпрацаваў новую канцэпцыю асобы, прычыны пакутаў «чалавечай душы» бачыў не толькі ў навакольным свеце, але і ў самім чалавеку. У кн. «Кветкі зла» (1857, дап. выд. 1861, 1869) трагічная карціна свету, ахопленага шаленствам разбурэння, анархія бунтарства, сум па гармоніі, пошукі ідэалу спалучаюцца з прызнаннем непераможнасці зла, эстэтызацыяй заганаў вял. горада. Аўтар зб. артыкулаў пра франц. мастацтва і л-ру «Рамантычнае мастацтва» (1868), трактата пра наркотыкі «Штучны рай» (1860), «Маленькіх паэм прозай» («Парыжскі сплін», 1869), артыкулаў пра творчасць Э.По і перакладаў яго твораў. На бел. мову вершы Бадлера перакладалі Ю.Гаўрук, У.Жылка, З.Колас, С.Ліхадзіеўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Маленькія паэмы прозай // Далягляды. Мн., 1983;
Рус.пер. — Цветы Зла. Ростов н/Д, 1991.
Літ.:
Нольман М. Шарль Бодлер: Судьба. Эстетика. Стиль. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НТ, Дракон (грэч. Drakōn),
старажытны афінскі заканадавец, архонт. Пры ім у 621 да н.э. на каменных плітах запісаны прававыя звычаі. Паводле законаў Д. скасоўвалася права радавой арыстакратыі на кроўную помсту, карныя функцыі перадаваліся арэапагу. Разам з тым прадугледжваліся вельмі жорсткія пакаранні для тых, хто спакушаўся на чужую ўласнасць (напр., пакаранне смерцю за крадзеж зерня, агародніны). У 594 да н.э. крымінальныя нормы заканадаўства Д. змякчыў Салон. Выразы «драконаўскія законы», «драконаўскія меры» захаваліся ў прымаўках і азначаюць жорсткія мерапрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ТРЫКАТА́ЖНАЯ ФА́БРЫКА.
Створана ў 1962 у Мінску на базе камбіната мясц. прам-сці. У 1967—71 пабудавана нанава. З 1974 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв.трыкат. аб’яднання «Прагрэс». У 1986—91 Рэсп. Дом мадэлей. З 1991 Мінская прамысл.-гандл.трыкат. фірма «Алеся». Асн. прадукцыя (1999): верхні трыкатаж з паўшарсцяной, сінт. і штучнай пражы (жаночыя, спарт., дзіцячыя касцюмы, жаночыя і мужчынскія жакеты, джэмперы, світэры і інш.). У складзе прадпрыемства фірменныя магазін «Мара», салон-магазін «Талісман», гандл. дом «Кросны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЮДЭРЫ́ (Scudéry, Scudéri) Мадлен дэ (15.10.1607, г. Гаўр, Францыя — 2.6.1701), французская пісьменніца; прадстаўніца прэцыёзнай літаратуры. З 1630 у Парыжы, дзе заснавала арыстакратычны літ.салон, які стаў цэнтрам прэцыёзнага руху. Аўтар галантна-гераічных раманаў «Ібрагім, або Вялікі паша» (1641), «Артамен, або Вялікі Кір» (т. 1—10, 1649—53), «Клелія, або Рымская гісторыя» (т. 1—10, 1654—61), баек, вершаў і інш., у цэнтры якіх кодэкс прэцыёзнай маралі, вытанчанага густу, галантных пачуццяў і паводзін. Яе творы адзначаны майстэрствам сюжэтапабудовы, маляўнічасцю стылю, рысамі псіхалагізму і дыдактызму.
Літ.:
Гончар М.О. Концепция романа у М. де Скюдери // XVII век в диалоге эпох и культур. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЦЬЕ́Н ((Chrétien) Жан Лу) (н. 20.8.1938, г. Ла-Рашэль, Францыя),
першы французскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982), брыгадны генерал. Скончыў Ваенна-паветр. школу ў г.Салон-дэ-Праванс (1963), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў у г. Істр (1977). З 1980 у групе касманаўтаў НАСА. З 1982 кіраўнік палётаў Нац. цэнтра касм. даследаванняў Францыі. 24.6—2.7.1982 з У.А.Джанібекавым і А.С.Іванчэнкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз Т-6» і арбітальнай станцыі «Салют-7»; 26.11—21.12.1988 з А.А.Волкавым і С.К.Крыкалёвым — палёт на касм. караблях «Саюз ТМ-6, -7» і арбітальным комплексе «Мір», у час якога выходзіў у адкрыты космас (6 гадз); 26.9—7.10.1997 — палёт на касм. караблі «Атлантыс» (ЗША) і арбітальным комплексе «Мір». Правёў у космасе 43,47 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУАЦЮ́Р ((Voiture) Венсан) (24.2.1598, г. Ам’ен, Францыя — 25.5.1648),
французскі паэт; прадстаўнік барочнай прэцыёзнай літаратуры. Чл. Французскай акадэміі (1635). Сын гандляра віном, які атрымаў доступ у арыстакратычны салон маркізы Рамбуйе і надоўга стаў заканадаўцам самага вытанчанага густу і паэтычнай дасціпнасці. Яго санеты, стансы, пасланні, песні, рандо вызначаліся адмысловасцю формы і друкаваліся ў калектыўных зб-ках «Збор розных рандо» (1639), «Гэтага часу добрых вершаў новы збор» (1640). У 1650 выйшаў збор твораў Вуацюра, які ўключаў і лісты паэта, прызначаныя для публічнага чытання. Культываваў формы трыялета, рандэля, рандо, што паўплывала на франц. паэзію канца 19 ст., а праз яе — на еўрапейскую, у т. л. на М.Багдановіча.
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;
[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЗЕР (Абрам Маркавіч) (1892, Кішынёў — 1942),
бел. скульптар, жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыў Кішынёўскае маст. вучылішча (1910), вучыўся ў Парыжскай АМ (1912—14). Удзельнік выставак «Асенні салон» у Парыжы (1913), «Свет мастацтваў» у Петраградзе (1916). Выкладаў у Віцебскім маст.-практычным ін-це (1918—23), у Мінску. Яго скульптурныя работы вызначаюцца глыбінёй вобразных характарыстык, экспрэсіўнасцю: помнік-бюст І.Г.Песталоці ў Віцебску (1919—20, не захаваўся), партрэты К.Маркса (1920), Ф.Скарыны (1925), С.М.Міхоэлса (1926), М.М.Галадзеда (1931), М.Б.Голуба (1940), барэльефы да помніка Ф.Э.Дзяржынскаму (г. Дзяржынск Мінскай вобл., 1933). Сярод жывапісных твораў аўтапартрэт (1918), нацюрморты, партрэты Ю.Пэна (1921), У.І.Галубка (1931), карціны «Расстрэл у Дукоры ў 1920 г.» (1928) і інш. У 1930-я г. выканаў шэраг графічных работ, у т. л. партрэты пісьменнікаў М.Лынькова, З.Бандарынай, К.Чорнага, П.Броўкі, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. Загінуў у фаш. канцлагеры.
Літ.:
Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии. М.; Л., 1940;
Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960.