САЛО́ДКА, лакрычнік,

лакрыца (Glycyrrhiza),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі, Амерыкі, Паўн. Афрыкі і Аўстраліі. Растуць пераважна ў стэпавай, паўпустыннай і пустыннай зонах. На Беларусі інтрадукаваны С.: бледнакветкавая (G.pallidiflora), голая (G.glabra), пахучая (G.foetidissima), уральская (G.uralensis) і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м. Карэнішчы патоўшчаныя. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, голыя ці апушаныя. Лісце непарнаперыстае, часта клейкае. Кветкі лілаватыя, у пазушных гронках. Плод — боб. Салодкавы, або лакрыцавы, корань (карэнішчы і карані) мае ў сабе гліказіды, флаваноіды, цукрозу, эфірны алей, мінер. солі і інш. З яго атрымліваюць экстракты (састаўная ч. піва, квасу і інш.), сіропы для кандытарскай вытв-сці, выкарыстоўваюць як смакавую, антыаксідантную, бактэрыцыдную і фунгіцыдную дабаўку для лекаў, у ежу і напоі; таксама для вырабу фарбаў, дублення скуры і інш. З надземных ч. расліны атрымліваюць жоўтую фарбу для шэрсці і шоўку, са сцёблаў вырабляюць вяроўкі, грубую пражу, шчоткі, лісце — сурагат чаю. Лек., харч., тэхн., кармавыя і меданосныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Салодка голая.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКРЫ́ЧНІК,

кветкавая расліна, тое, што салодка.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛЁН, ліснік (Solanum),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 1700 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах, большасць у Паўд. Амерыцы. На Беларусі 5 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя П.: жоўты (S. luteum), салодка-горкі, нар. назвы воўчыя ягады, гліснік (S. dulcamara), чорны (S. nigrum). Трапляюцца ў вільготных ярах, хмызняках, па берагах вадаёмаў. Культывуюць баклажан і бульбу.

Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты, часам невял. дрэвы (у тропіках). Сцёблы прамастойныя, лазячыя ці павойныя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, чаранковае, лопасцевае ці перыстае. Кветкі адзіночныя або ў завітках. Плод — ягада. Многія віды маюць алкалоіды (саланіны і інш.) і выкарыстоўваюцца як лек. расліны (напр., П. салодка-горкі). Харч., лек., дэкар., меданосныя і фарбавальныя расліны. Есць ядавітыя.

Паслён салодка-горкі.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛАСЫРАРО́БНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

выраб сметанковага масла і сыроў з малака с.-г. жывёл. Масла салодка- і кісласметанковае, масла з напаўняльнікамі (шакаладнае, фруктовае і інш.) атрымліваюць збіваннем і пераўтварэннем вяршкоў (гл. Масларобства); сычужныя і кісламалочныя сыры — сквашваннем малака (гл. Сыраробства).

К.​В.​Фамічэнка.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПАНІ́НЫ,

арганічныя безазоцістыя рэчывы, у якіх цукры злучаны з вытворнымі стэрынаў. Ўтрымліваюцца гал. чынам у раслінах, знойдзены таксама ў тканках ігласкурых.

Аморфныя, бясколерныя ці жаўтаватыя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе (растворы пеняцца, як мыла). Уваходзяць у састаў лек. прэпаратаў расл. паходжання (напр., кара мыльнага дрэва, салодка), якія ўжываюцца як адхарквальная і мачагонныя сродкі. Некат. С. выкарыстоўваюцца ў вытв-сці стэроідных гармонаў.

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,

харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г. жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т. л. казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т. л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г. жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)