САЛО́ДКА, лакрычнік,

лакрыца (Glycyrrhiza),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі, Амерыкі, Паўн. Афрыкі і Аўстраліі. Растуць пераважна ў стэпавай, паўпустыннай і пустыннай зонах. На Беларусі інтрадукаваны С.: бледнакветкавая (G.pallidiflora), голая (G.glabra), пахучая (G.foetidissima), уральская (G.uralensis) і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м. Карэнішчы патоўшчаныя. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, голыя ці апушаныя. Лісце непарнаперыстае, часта клейкае. Кветкі лілаватыя, у пазушных гронках. Плод — боб. Салодкавы, або лакрыцавы, корань (карэнішчы і карані) мае ў сабе гліказіды, флаваноіды, цукрозу, эфірны алей, мінер. солі і інш. З яго атрымліваюць экстракты (састаўная ч. піва, квасу і інш.), сіропы для кандытарскай вытв-сці, выкарыстоўваюць як смакавую, антыаксідантную, бактэрыцыдную і фунгіцыдную дабаўку для лекаў, у ежу і напоі; таксама для вырабу фарбаў, дублення скуры і інш. З надземных ч. расліны атрымліваюць жоўтую фарбу для шэрсці і шоўку, са сцёблаў вырабляюць вяроўкі, грубую пражу, шчоткі, лісце — сурагат чаю. Лек., харч., тэхн., кармавыя і меданосныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Салодка голая.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)