Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САВА́ННА (ад ісп. sabana, запазычанага з мовы карыбскіх індзейцаў),
занальны тып ландшафту, утвораны спалучэннем трапічнай і субтрапічнай ксерафільнай травяністай расліннасці (пераважна злакавай) з адзіночнымі і групамі дрэў, зараснікамі хмызняку. Пашырана ў Афрыцы, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Аўстраліі і Індыі. У Бразіліі С. наз.кампас, у Венесуэле і Калумбіі — льянас. Развіваюцца таксама на месцы зведзеных трапічных лясоў (другасныя С.).
Расліны С. прыстасаваны да працяглых засух: лісце цвёрдае, моцна апушанае, рэдукаванае да калючак, кара дрэў тоўстая. Травяністыя злакі выш. да 3 м. Дрэвы (акацыя, баабаб, эўкаліпт і інш.) пераважна нізкарослыя, часта з парасонападобнай кронай, у некат. (бутэлечнае дрэва і інш.) ствалы ўтрымліваюць вял. запасы вады. Багаты і разнастайны жывёльны свет: сланы, насарогі, жырафы, ільвы, зебры, антылопы; з птушак характэрны страусы. Гл. таксама Саванныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМАХО́Д,
судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай. Першы атамаход — ледакол «Ленін», пабудаваны ў б.СССР у 1959, у ЗША — грузапасажырскае судна «Саванна» (1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АІ́Р, Азбін (франц. Aïr, Azbine),
пласкагор’е на Пн Сахары, у Нігеры. Сярэдняя выш. 800—900 м, найб. — да 1900 м (патухлы вулкан). Складзена са стараж. гранітаў і маладых лаваў. У далінах уэдаў — акацыевае калючадрэўе, на схілах — апустыненая саванна, вяршыні — голыя пустыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗА́ЛА (Odzala),
нацыянальны парк у Конга. Засн. ў 1935 (да 1940 запаведнік) у вярхоўях р. Мамбілі (прыток р. Ліквала). Пл. 110 тыс.га. Біясферны рэзерват. Захоўваюцца вільготны трапічны лес і саванна. У фауне звычайныя афрыканскі слон, буйвал, карлікавы буйвал, бонга, кустовая свіння, леапард, залаты кот і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́РАЛЕНД (Damaraland),
Дамара, нагор’е ў цэнтр.ч. Намібіі ў Афрыцы. Ступенямі ўзвышаецца над берагавой пустыняй Наміб. Пераважаюць выш. 1000—1500 м, найб. — 2600 м (г. Брандберг). Клімат трапічны, сухі. Ападкаў 250—500 мм за год. Расліннасць на З злакава-хмызняковых пустынь з сукулентамі, на У апустыненая саванна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́НДЭ (Azande),
пласкагор’е ў Цэнтр. Афрыцы, на тэр. ЦАР, Заіра і Судана, водападзел паміж бас.р. Конга (Заір), воз. Чад і р. Ніл. Сярэднія выш. 600—900 м, найб.выш. 1388 м (г. Нгая). Характэрны купалападобныя горы, астанцавыя гранітныя хрыбты. Складзена са стараж.-крыштал. парод (граніта-гнейсы, габра-амфібаліты). Радовішчы золата і алмазаў. Высакатраўная саванна з плямамі рэдкастойных лістападных лясоў. Уздоўж рэк вечназялёныя галерэйныя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОРТ-ОФ-СПЕЙН (Port of Spain),
горад, сталіца дзяржавы Трынідад і Табага. Знаходзіцца на ПнЗ в-ва Трынідад. Засн. іспанцамі ў 18 ст. на месцы індзейскага паселішча. 43,4 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 300 тыс.ж. (1996). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: металаапр., тэкст., харч., цэм., буд. матэрыялаў, суднабудаўнічая. Асобныя ф-ты Вест-Індскага ун-та. Нац. музей і маст. галерэя. Парк Саванна. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОС (Jos),
плато ў Зах. Афрыцы, паміж рэкамі Нігер і Бенуэ, у цэнтр. ч.
Нігерыі. Сярэднія выш. 1200—1400 м, найб. 1735 м (г. Шарэ). Паверхня слабахвалістая; ізалявана ўзвышаюцца гранітныя пікі, плоскавяршынныя ўзгоркі і конусы патухлых вулканаў. Складзена з дакембрыйскіх гнейсаў, сланцаў, кварцытаў, даламітаў, магматытаў, гранітаў. Клімат экватарыяльны мусонны; ападкаў больш за 1500 мм за год. Расліннасць — другасная высакатраўная саванна. Горна-рудны раён Нігерыі. Агульныя запасы волава 280 тыс.т. Буйнейшыя ў свеце радовішчы ніобію. Распрацоўваюцца танталавыя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАТЫА́Я (Itatiaia),
нацыянальны парк на ПдУ Бразіліі. Засн. ў 1937 для аховы прыродных ландшафтаў найвышэйшых вулканічных масіваў у раёне хр. Серада-Мантыкейра (г. Агульяс-Неграс выш. 2787 м). Пл. каля 12 тыс.га. Разнастайныя формы выветрывання, каньёнападобныя рачныя даліны з азёрамі. Саванна кампос, горны хваёвы і дажджавы трапічны лес з ліянамі, архідэямі, імхамі і папарацямі. У фауне касматая павукападобная малпа, грывасты воўк, даўгахвостая выдра, трохпальцы мураўед, гарпія, чорнагаловы папугай і інш. Біястанцыя бат. саду Рыо-дэ-Жанейра.