ЛАЛАБРЫ́ДЖЫДА ((Lollobrigida) Джына) (н. 4.7.1927, г. Субіяка, Італія),

італьянская кінаактрыса, рэжысёр, фатограф. Вучылася на курсах спеваў, у тэатр. вучылішчы. У кіно з 1946. Першая значная работа ў антыфаш. фільме «Небяспечна: бандыты!» (1951). Актрыса адметная яркай знешнасцю, тэмпераментам, прыродным артыстызмам. Знялася ў фільмах: «Фанфан-Цюльпан» (1951), «Начныя прыгажуні» (1952), «Хлеб, каханне і фантазія», «Правінцыялка» (абодва 1953), «Рымлянка», «Хлеб, каханне і рэўнасць» (абодва 1954), «Сабор Парыжскай Божай маці» (1956), «Саламон і царыца Саўская» (1959) і інш. Зняла дакумент. фільм пра Кубу (1976). Аўтар шматлікіх фотаальбомаў.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МААРЫ́ (сапр. Аджамян) Гурген Рыгоравіч

(14.8.1903, г. Ван, Турцыя — 16.7.1969),

армянскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Арменіі (1965). У 1915 з інш. бежанцамі перасяліўся з Турцыі ў Расію. У 1937—56 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны. Друкаваўся з 1917. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Тытанік» (1924), «Пара выспявання пладоў» (1930), «Давільня» (1960), кн. апавяданняў «Пра каханне, рэўнасць і садоўнікаў Ніцы» (1929), гіст. рамана «Сады гараць» (1966), кн. мемуараў «Чарэнц-намэ» (1968) і інш. У аўтабіягр. трылогіі («Дзяцінства», 1929; «Юнацтва», 1930; «На парозе маладосці», 1955) — трагічны лёс зах. армян у пач. 20 ст. Быў знаёмы з Я.​Купалам. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў М.​Гіль.

Тв.:

Рус. пер. — Юность. М., 1978.

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́Р ((Noverre) Жан Жорж) (29.4.1727, Парыж — 19.10.1810),

французскі артыст балета, балетмайстар; рэфарматар і тэарэтык харэаграфічнага мастацтва. Вучыўся ў Ж.​Д.​Дзюпрэ і Л.Дзюпрэ. З 1743 артыст, з 1751 і балетмайстар у еўрап. т-рах, у т. л. Парыжскай оперы (у 1776—81 гал. балетмайстар). Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самаст. відам сцэн. мастацтва. Яго лепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, муз., верагодна, Ф.​Гарнье); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на муз. Ж.​Ж.​Радольфа), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» паводле П.​Карнеля (1775; абедзве на муз. І.​Старцэра); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на муз. Ф.​Аспельмайра (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на муз. Мілера). Аўтар кн. «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самаст. спектакль. Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.

Літ. тв.: Рус. пер. — Письма о танце и балетах. Л.; М., 1965.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)