САРСУЭ́ЛА (ісп. zarzuela),

іспанскі нац. муз.-драм. жанр, дзе харавыя і сольныя нумары перамяжоўваюцца з размоўнымі дыялогамі і танцамі, блізкі да аперэты. Назва ад каралеўскай вілы каля Мадрыда, дзе ў 17 ст. адбыліся першыя пастаноўкі С. Раннія С. вядомы толькі як літ. творы; першая з захаваных з музыкай — «Адным толькі поглядам рэўнасць забівае» Х.​Ідальга (лібрэта П.​Кальдэрона, 1660). У 18 ст. С. заняпала, выцеснена італьян. операй. У 19 ст. з адкрыццём у Мадрыдзе некалькіх т-раў для пастановак С. пачалося адраджэнне жанру ў 2 кірунках: вялікая С. (у двух і болей актах) і малая С. (аднаактовая, з рысамі вадэвіля). Сярод аўтараў музыкі С. ў 17—18 ст. С.​Дуран, Г.​Брунеці, Л.​Бакерыні; у 19 ст. Ф.​Барб’еры, Ф.​Чуэка, Т.​Брэтон, Э.​Гранадас; у 20 ст. А.​Вівес, М.​Тароба.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)