Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЫ́ШЫНА Ірына Валер’еўна
(н. 5.4.1966, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка В.І.Грыгарышынай. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1981), Бел.АМ (1993). Працуе пераважна ў фарфоры. Сярод твораў: кампазіцыі «Метамарфозы», «Зімовы сад», серыі анімалістычнай пластыкі «Знакі задыяка», дэкар. блюд «Папараць-кветка», кубкаў «Адвечнае», сервізы «Тэатральны», «Перламутр», «Рэтра», «Святочны», «Брыганціна» і інш. (усе 1992—96). Валодае вытанчаным пачуццём колерапластыкі, стварае адметную вобразнасць і стылістыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТО́СІК Іван
(Іосіф) Станіслававіч (н. 1.11.1933, г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. майстар маст. шклавырабаў, шліфоўшчык-алмазчык. З 1949 працуе на шклозаводзе «Нёман». Распрацаваў уласныя прыёмы ў тэхніцы алмазнай грані, шліфаваў у ёй малюнкі на унікальных творах з хрусталёвага шкла. Сярод уласных твораў: камплекты святочнага посуду (1966), «Дэсертны» (1968), «Ваза» (1970), «Гранат» (1978), прыборы «Хрусталёвае свята» (1967), «Стройны» (1980), блюда пад гародніну (1972), сервіз (1977), ваза пад гародніну ў стылі «рэтра» (1982) і інш.
Літ.:
Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989. С. 186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРГА́Й Сяргей Сцяпанавіч
(17.9.1907, Мінск — 25.12.1980),
бел.паэт. Скончыў Мінскую чыг. школу (1924) і агульнаадук. курсы (1927). Удзельнік падполля і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. У 1930-я г. працаваў у газ. «Звязда», з 1951 у час. «Полымя», у 1953—67 у час. «Вожык». Друкаваўся з 1938. Першы зб. «Вачыма будучыні» (1953). Гал. тэмы яго паэзіі (зб-кі «Крэмень аб крэмень», 1958, «Чатыры стыхіі», 1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964, «Свята ў будзень», 1964) — любоў да роднага краю, неаслабная ўвага да чалавека, клопат пра яго самаўдасканаленне, засяроджанасць на складаных праблемах часу, зварот да подзвігу бел. народа ў Вял.Айч. вайну. Дз. горача цікавіўся гіст. мінулым свайго народа (паэмы «Напрадвесні», 1960, «Над спакоем крыніц». 1962), паказваў пераўтварэнне чалавекам зямлі («Песня пра Туркменскі канал», 1951), ствараў гіст. эпас («Пушкін на шашы Энтузіястаў», 1953). Выкарыстанне разнастайных паэт. сродкаў і формаў, умелае валоданне фальклорна-песенным вершам, сучасным верлібрам, філасафічнасць, асацыятыўнасць мыслення, культура творчасці, руплівыя адносіны да роднай мовы зрабілі яго паэзію адметнай у бел. л-ры. Гумарыстычныя творы Дз. ў яго зб-ках «Цешча» (1959), «Салата з дзядоўніку» (1967). На бел. мову перакладаў паэмы «Гражына» А.Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю.Славацкага, «Дванаццаць» А.Блока, «На ўвесь голас» У.Маякоўскага, «Сінія гусары» М.Асеева, «Сын» П.Антакольскага, «1905 год» Б.Пастарнака, асобныя творы Э.Багрыцкага, У.Бранеўскага, В.Брусава, У.Лугаўскога, Я.Райніса, М.Рыльскага, П.Тычыны і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1974;
На вогненнай сцяжыне. Мн., 1977;
Чатыры стыхіі. Мн., 1988.
Літ.:
Арочка М. Сатырычная паэзія // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Бярозкін Р. Пошук сапраўднага // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;
Гілевіч Н. Словы трывалыя, прачулыя, разумныя // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Лойка А Зайдзі ў мой дом // Лойка А Паэзія і час.Мн.. 1981;
Гніламёдаў У. Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983. С. 223—227;
Сачанка Б. Круты стол Сяргея Дзяргая // Сачанка Б. Жывое жыццё. Мн., 1985;
Сіпакоў Я Сяргей Сцяпанавіч // Сіпакоў Я. Журба ў стылі рэтра. Мн., 1990.