Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); афіц. мова Македоніі. Асн. дыялектныя групы: зах., усх., паўночная. У фанетыцы — 5 галосных і 26 зычных фанем, складовае «р», зычныя ј, ќ, ѓ, љ, њ мяккія, астатнія зычныя цвёрдыя; націск сілавы, фанетычна рухомы, не далей за 3-і склад ад канца слова. Грамат. ладу ўласцівы т.зв. балканізмы — шэраг структурных рыс, якія аб’ядноўваюць яе з інш. мовамі балканскага моўнага саюза (балг., алб., рум., навагрэч. і арамунскай): адсутнасць інфінітыва і іменных склонавых форм, аналітычны спосаб утварэння форм будучага часу і ступеняў параўнання. У М.м. ўжываецца трайны постпазіцыйны артыкль («човекот — човеков — човекон»), падваенне займеннікаў («го видов него» — «я бачыў яго»), рэпрыза імя («го видов човеков» — «я бачыў гэтага чалавека»). Зараджэнне слав. пісьменнасці ў Македоніі звязана з асветніцкай дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія, якія палажылі македонскі дыялект г. Салуні ў аснову стараслав. кніжнай мовы. У 10 ст. г. Охрыд стаў адным з цэнтраў пісьменнасці на стараслав. мове (т.зв. Охрыдская школа). З 16 ст. ў яе пранікаюць элементы нар. мовы. Літ. М.м. сфарміравалася ў сярэдзіне 1940-х г. на базе цэнтр. гаворак зах. дыялекту, блізкая да размоўнай. Графіка на аснове кірыліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),
мастацкі твор малых памераў.
У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.
Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.
На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.
М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.
Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.Кловіо (Італія), Ф.Клуэ (Францыя), Г.Гольбейн Малодшы (Германія), Н.Хіліярд, А.Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж.Петыго (Швейцарыя), С.Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.Кар’еры ў Італіі, Ж.А.Фраганара, Ж.Б.Ізабэ ў Францыі, Г.Ф.Фюгера ў Аўстрыі, У.Баравікоўскага, А.Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А.Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.М.Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.Осіпавы, В. і А.Ражковы і інш.
У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш.Гл.Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.
У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага, Б.Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы, А.Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.
У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, І.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш.Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон, Ф.Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.Чайкоўскі, А.Лядаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп. А.Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.Кузняцова і інш.).
У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар.т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».
Да арт.Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.Да арт.Мініяцюра. Р.Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.Да арт.Мініяцюра. Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.