ФУ́ГА (ад лац. fuga бег, уцёкі),

поліфанічны муз. твор, засн. на імітацыйным правядзенні ва ўсіх галасах адной, радзей дзвюх і болей тэм па пэўным танальна-гарманічным плане; найвышэйшая форма поліфаніі.

Адрозніваюцца колькасцю тэм (простыя — на адну тэму, двайныя — на 2, трайныя — на 3 і г.д.) і галасоў (найб. пашыраны 3- і 4-галосыя). Тэма Ф. выразная, вобразна акрэсленая. Раздзелы Ф.: экспазіцыя, дзе тэма праводзіцца па чарзе ўсімі галасамі ў гал. і дамінантавай танальнасцях, распрацоўка з больш свабодным танальным планам, рэпрыза — заключная частка з перавагай гал. танальнасці і больш сціплым паследаваннем імітацый (стрэта). Асн. раздзелы, а часам асобныя правядзенні тэмы злучаюцца інтэрмедыямі. Развівалася ў 17 ст. з канцоны, рычэркара, матэта, дасягнула кульмінацыі ў творчасці І.​С.​Баха і не страціла значэння да нашага часу. Часта Ф. папярэднічае прэлюдыя ці інш. ўступная п’еса імправізац. складу (фантазія, таката). Можа ўваходзіць у санатны, сюітны ці варыяцыйны цыкл, у буйную вак.-сімф. кампазіцыю (араторыя, меса і інш.). У бел. музыцы вядомы Ф. для фп. Дз.​Камінскага.

Літ.:

Золотарев ВА Фуга. 3 изд М., 1965;

Теория фуги: Сб. Л., 1986.

А.​А.​Саламаха.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)