возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Аўсянка. Пл. 0,28 км², найб.глыб. 8 м. Пл. вадазбору каля 4 км². Схілы выш. 8—10 м, парослыя хмызняком, у верхняй частцы разараныя. Берагі пясчаныя і затарфаваныя. Дно плоскае, пясчанае, глыбей за 2,5 м глеістае. Сцёк у р. Аўсянка. Расліннасць уздоўж берагоў, у яе складзе вадзяны арэх плывучы — рэлікт даледавіковай флоры (ахоўны від на Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАКАЛЯ́НУС (Limnocalanus macrurus),
беспазваночная жывёла атр. весланогіх ракападобных. Пашыраны ў чыстых, глыбокіх азёрах Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Выяўлены ў 10 азёрах на ПнЗ Беларусі, у т.л. Доўгае, Рычы (заказнікі Л.), Воласа, Снуды, Струста (Браслаўскі нац. парк). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 2,2 мм, цела членістае з вілаватым адросткам на канцы. 5 пар плавальных членістых канечнасцей. Дыхаюць паверхняй цела. Вельмі адчувальныя да дэфіцыту кіслароду ў вадзе. Кормяцца пераважна планктоннымі водарасцямі. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́КСА (Adoxa),
род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.
Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́Я (Linnaea),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Названа ў гонар К. Лінея. 1 від — Л. паўночная (L. borealis). Пашырана ў Паўн. паўшар’і. Рэлікт ледавіковага перыяду. На Беларусі праходзіць паўд. мяжа яе арэала. Занесена ў Чырв. кнігу. Расце ў хваёвых і яловых лясах імшыстага і бруснічнага тыпаў невял. курцінкамі.
Вечназялёныя сцелістыя кусцікі з тонкімі сцёбламі даўж. 1—2 м і бакавымі прамастойнымі галінкамі выш. 10—20 см. Лісце дробнае, круглаватае, скурыстае, па краях зубчастае, супраціўнае. Кветкі белыя або ружовыя з пурпуровымі жылкамі і прыемным пахам ваніліну, па 2 на канцах кветаносаў. Плод — касцянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДО́ТКА (Burhinus oedicnemus),
птушка сям. аўдоткавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўропе, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн. Афрыцы. Рэлікт чацвярцічнага перыяду. На Беларусі вельмі рэдкі пералётны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Чырвоную кнігу. Трапляецца пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Палесся.
Птушка даўж. 40—45 см, маса да 440 г. Жыве на бязлесных пясчаных землях. Апярэнне шэра-пясочнае з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, на бруху — белаватае. Ногі трохпальцыя. Прылятае ў сярэдзіне красавіка. Актыўная ноччу. Трымаецца парамі, восенню чародамі. Хутка бегае, выцягнуўшы шыю. Гнёзды на пяску. Нясе 2 жаўтавата-пясочнага колеру яйцы. Корміцца насякомымі, дробнымі яшчаркамі, грызунамі. Адлятае ў вер.—кастрычніку. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Аравійскага п-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НКГА (Ginkgo),
манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы І від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж.рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.
Двухдомнае лістападнае дрэва выш. да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Святлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТАС (Nelumbo),
род кветкавых раслін сям. лотасавых. 2 віды. Пашыраны Л. арэханосны (N. nucifera) у Паўд. Еўропе (напр., дэльта р. Волга), Паўд,Усх. Азіі і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Л. жоўты (N. lutea) у Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. У Індыі, Карэі, Кітаі, Японіі культывуецца. Рэлікт трацічнага перыяду.
Шматгадовыя буйныя водныя, часам земнаводныя травы з развітым карэнішчам. Надводнае лісце буйное, шчытападобнае, доўгачаранковае, высока ўзнімаецца над вадой, тое, што плавае, — круглявае, плоскае, падводнае — сядзячае, лускападобнае. Тканкі з вял. паветраноснымі поласцямі. Кветкі дыям. да 30 см, ружовыя або жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Пялёсткі і тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Насенне захоўвае ўсходжасць да некалькіх тысяч гадоў.
Усе ч. расліны маюць у сабе вітамін С і каўчук, у чаранках і праростках — ядавітае рэчыва нелюмбін. Насенне і карэнішча ўжываюцца ў ежу і на корм жывёле. Харч., лек. і культавыя расліны; стараж. культура народаў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, амер. індзейцаў.