Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КТАР (ад лац. reductor які адводзіць назад),
1) механізм для змены скорасці вярчэння (найчасцей для яе зніжэння і павышэння вярчальнага моманту) пры перадачы руху ад аднаго вала да другога. Звычайна ў Р. выкарыстоўваюць зубчастыя перадачы, чарвячныя перадачы, ланцуговыя перадачы і іх спалучэнні. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, манціруюцца ў закрытым корпусе як асобны агрэгат ці ўбудаваныя ў машыну. У камбінаваным прыводзе Р. кампануюць з варыятарам. У адрозненне ад каробкі перадач перадатачны лік Р. — велічыня пастаянная.
2) Прылада для аўтам. прапускання вадкасці (пары, газу) з поласці высокага ціску ў поласць меншага ціску і падтрымання яго на зададзеным узроўні. Выконвае функцыі засцерагальнага і запорнага клапана. Ціск у Р. зніжаецца аўтам. рэдукцыйным клапанам, які звязаны з гібкай плоскай мембранай (знаходзіцца пад ціскам вадкасці з аднаго боку і вінтавой спружыны — з другога).
Рэдуктары: а — з чарвячнай перадачай; б — з электрарухавіком (матор-рэдуктар; 1 — рэдуктар, 2 — электрарухавік); в — прамога дзеяння для рэдуцыравання газу (1 і 6 — спружыны, 2 — клапан, 3 — штурхач, 4 — мембрана, 5 — націскны дыск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАРУХАВІ́К,
рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.
Асн. частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.Я.Жукоўскі, развівалі яе У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,
карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРБІ́ННАЕ БУРЭ́ННЕ,
спосаб праходкі свідравін з дапамогай турбабура. Выкарыстоўваецца для бурэння ў асн. нафтавых і газавых свідравін і дазваляе бурыць звышглыбокія свідравіны.
Турбабур уяўляе сабой шматступеньчатую турбіну, вал якой круціць долата непасрэдна ці праз рэдуктар. Турбіна прыводзіцца ў дзеянне гліністым растворам. які пад ціскам падаецца ў свідравіну па трубах. Адна- і шматсекцыйныя турбабуры выкарыстоўваюцца для бурэння свідравін дыяметрам да 600 мм. Іл.гл. да арт.Буравы інструмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВАЯ ПІЛА́,
піла для грубага папярочнага рэзання драўніны з дапамогай бясконцага пілавальнага ланцуга з рэжучымі зубамі.
Мае бензінавы матор або электрарухавік, муфту счаплення, рэдуктар і кансольны рэжучы механізм у выглядзе накіравальнай шыны, па якой рухаецца пілавальны ланцуг. Бываюць спецыяльныя (для валкі дрэў, абрэзкі сучкоў) і універсальныя; цяжкага, сярэдняга, лёгкага і асабліва лёгкага класаў. Найб. пашыраны Л.п. з карбюратарным рухавіком (тыпу «Дружба») і электрапілы (для папярочнага раскрою леса- і піламатэрыялаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́БЕР (ням. Schaber ад schaben скрэбці),
ручны або механізаваны інструмент для аддзелачнай апрацоўкі паверхні металаў саскрабаннем тонкай стружкі (шабраннем). Выкарыстоўваецца для падгонкі плоскіх, канічных і цыліндрычных паверхняў. Ёсць Ш. для выраўноўвання зярністай паверхні метал. дошкі пры гравіраванні ў тэхніцы мецца-тынта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЧКА́РНЯ,
сельскагаспадарчая машына для рэзкі саломы на корм, а таксама для здрабнення зялёнай масы раслін на сілас. Бываюць з конным і ручным прыводам (уласна С.), а таксама маторныя — з прыводам ад эл. рухавіка або трактара (саломасіласарэзкі, здрабняльнікі кармоў). Ручныя і конныя С. былі пашыраны ў індывід. і калектыўных гаспадарках да сярэдзіны 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ДНАВЫ РУХАВІ́К,
рухавік, які забяспечвае рух судна (гал. рухавік) або дзеянне яго электрагенератараў, вентылятараў, помпаў і інш. (дадатковы рухавік). Першым С.р. была паравая машына, пасля — дызель, паравая турбіна, газавая турбіна, электрычны рухавік, рухавік знешняга згарання (Стырлінга рухавік).
Працуюць С.р. пераважна на вадкім паліве, таксама на ядз. гаручым (ядзерныя сілавыя ўстаноўкі т.зв. атамаходаў). Перадача энергіі ад гал. С.р. на суднавы рухач — прамая (непасрэднае злучэнне рухавіка з грабным валам), праз рэдуктар (зубчасты або гідраўлічны) або электрычная (ад электрагенератара С.р. да электрарухавіка грабнога вала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯБЁДКА,
машына для пад’ёму, апускання і падцягвання грузаў з дапамогай каната або ланцуга. Развіваюць цягавае намаганне да 200 кН.
Бываюць стацыянарныя (падлогавыя, насценныя, столевыя) і перасоўныя (на рэйкавых або бязрэйкавых цялежках), з машынным (эл., пнеўматычным, гідраўлічным, ад рухавіка ўнутр. згарання) і ручным прыводам. Выкарыстоўваюцца як самаст. машыны пры пагрузачна-разгрузачных, буд., мантажных, складскіх, манеўровых (з рухомым саставам) работах, пры тралёўцы лесу і штабеляванні драўніны, швартоўцы суднаў, пад’ёме якараў, а таксама як частка землярыйных і дарожных машын, грузападымальных кранаў, капроў, канатных дарог, скрэперных і буравых установак і інш.
Лябёдкі: а — ручная рычажная (1, 2 — прывадныя рукаяткі прамога і зваротнага ходу); б — барабанная электрычная (1 — электрарухавік, 2 — рэдуктар, 3 — барабан).