ВЕТРАРУХАВІ́К,

рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.

Асн. частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.Я.Жукоўскі, развівалі яе У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)