ПЯЛІ́КША (Пелікша) Карнель Ігнатавіч [1823, в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.7 (паводле інш. звестак 12.3). 1872], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на тэр. Беларусі, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцку, у дваранскім ін-це ў Вільні. Да паўстання жыў у сваім маёнтку Горкі пад Мінскам, дзе адкрыў школу і бальніцу, сабраў багатую б-ку. З вясны 1863 паўстанцкі цывільны начальнік Мінскага ваяв. Садзейнічаў разгортванню паўстання на Міншчыне, у вер. — кастр. 1863 дапамог пасланцу К.Каліноўскага І.М.Ямантурэарганізаваць у Мінску паўстанцкую адміністрацыю. Потым з ведама Каліноўскага выехаў за мяжу. Завочна асуджаны царскімі ўладамі да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. У эміграцыі жыў у Францыі, Італіі, Румыніі, Галіцыі. У 1872 ахвяраваў музею кн. Любамірскіх у Львове каштоўны габелен Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў 18 ст. «Бітва пад Славечна» (цяпер у гіст. музеі ў Львове).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРНААБНАЎЛЕ́НЦЫ,
«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-й Дзярж. думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.А.Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, за паліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-й Дзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́ЎГУТ Рамуальд Людвікавіч (16.1.1826, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 5.8.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. З 1845 у арміі. Удзельнічаў у падаўленні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі, Крымскай вайне 1853—56 (у т. л. ў Севастопальскай абароне 1854—55). У 1862 падпалкоўнік у адстаўцы, жыў у маёнтку Востраў Кобрынскага пав. У крас. 1863 узначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад, які ў баях з урадавымі войскамі каля в. Горкі тройчы нанёс ім значныя страты. У чэрв. 1863 разам з Брэсцкім атрадам Я.Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыну і паўн. Валынь. У ліп. 1863 з дапамогай Э.Ажэшкі выехаў у Варшаву. У чыне генерала быў прадстаўніком паўстанцкіх улад за мяжой. З кастр. 1863 кіраўнік Нац. ўрада ў Варшаве, фактычна дыктатар паўстання. Шмат зрабіў, каб надаць паўстанню новы размах, пашырыць яго сац. базу, рэарганізаваць паўстанцкія ўзбр. сілы. 30.3.1864 арыштаваны і паводле прыгавору ваен. суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі. У Вял.Айч. вайну ў СССР была створана польская дывізія імя Т. У г. Свіслач Гродзенскай вобл. яму пастаўлены помнік.
Літ.:
Миллер И.С. Ромуальд Траугут // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г.М., 1964;
Бандарэнка М Пра Рамуальда Траўгута // Полымя. 1999. №8;
Dunin-Wąsowicz K. Romuald Traugutt. Warszawa, 1980.