СЕЛЕКТЫ́ЎНАСЦЬ РАДЫЁПРЫЁМНІКА, выбіральнасць радыёпрыёмніка,
здольнасць радыёпрыёмнага апарата з мноства сігналаў, якія нясуць розную інфармацыю, вылучаць патрэбныя сігналы ці рэагаваць толькі на сігналы з папярэдне зададзенымі параметрамі; параметр радыёпрыёмніка, які колькасна характарызуе такую здольнасць.
т. 14, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛОАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ фатаграфічная,
здольнасць фотаматэрыялу рэагаваць на аптычнае выпрамяненне (святло); колькасная мера такой здольнасці. Выражаецца ва ўмоўных адзінках і служыць для правільнага вызначэння экспазіцыі пры фотаздымцы і друку. Вызначаецца па пэўнай шчыльнасці фотаслоя, атрыманай пры зададзеных умовах экспанавання фотаматэрыялу і яго хім.-фатагр. апрацоўкі. У розных краінах існуюць розныя метады вызначэння сістэм С. фотаматэрыялаў.
т. 14, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮВЕНІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. juvenilis юны),
перыяд жыцця расліны ад паяўлення праростка да пач. цвіцення. Расліны ўтвараюць вегетатыўныя органы, актыўна растуць, але яшчэ не гатовыя да генератыўнага развіцця. Асн. прычыны: няздольнасць верхавінкі парастка і кораня рэагаваць на ўздзеянне гармонаў, што індуцыруюць цвіценне, іх нізкае змяшчэнне ў тканках і высокі ўзровень інгібітараў цвіцення. Працягласць Ю. рэгулюецца прыстасавальнымі рэакцыямі — яравізацыяй і фотаперыядызмам.
т. 18, кн. 1, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАМАРКІ́ЗМ (ад псіха... + ламаркізм),
адзін з кірункаў эвалюцыйнага вучэння, галіна неаламаркізму. Абапіраецца на асобныя палажэнні ламаркізму — прызнанне наследавання набытых прыкмет і адмаўленне формаўтваральнай ролі натуральнага адбору. Устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма (ням. вучоныя А.Вагнер, А.Паўлі і інш.). У адпаведнасці з П. жывёлы, іх органы і ч. органаў «усведамляюць», як рэагаваць на змены ўмоў асяроддзя. П. проціпастаўляецца дарвінізму.
А.С.Леапцюк.
т. 13, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕРАЎ АПАРА́Т,
орган некаторых касцістых рыб, які злучае плавальны пузыр з органам раўнавагі (лабірынтам унутр. вуха). Складаецца з чатырох пар рухома сучлененых паміж сабой костачак — відазмененых частак першых пазванкоў і трэцяга рабра. Дае магчымасць рыбе хутка рэагаваць на змену ціску вады і мае значэнне ў перадачы гукавых ваганняў. Рыбы, што маюць вебераў апарат, здольныя ўспрымаць гукі з частатой да 13 кГц, без веберава апарата — толькі да 2,5 кГц. Названы імем Э.Г.Вебера.
т. 4, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад рэ... + актыўнасць),
уласцівасць жывой сістэмы рэагаваць на ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Біял. форма адлюстравання ўключае вял. колькасць рэакцый — ад простых відаў раздражняльнасці да складаных рэфлексаў вышэйшай нерв. дзейнасці (напр., сезонныя міграцыі жывёл, алергічныя рэакцыі чалавека). Разам са спадчыннасцю, размнажэннем, ростам, антагенезам (развіццём), харчаваннем, абменам рэчываў з’яўляецца асн. уласцівасцю жыцця. Адрозніваюць Р. відавую, індывід., узроставую, імуналагічную, фізіял. (нармальную і паталагічную). Асн. прынцып Р.: характар рэакцыі жывога ў адказ на ўздзеянне раздражняльнікаў залежыць ад якасна-колькаснай характарыстыкі фактару асяроддзя і функцыян. стану субстрату, які рэагуе. Мае адаптыўнае значанне.
С.С.Ермакова.
т. 13, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад лац. interior унутраны + рэцэптары), інтэрацэптары, рэцэптары ўнутраныя,
чуллівыя нервовыя канцы, якія знаходзяцца ў розных тканках і органах і ўспрымаюць інфармацыю з унутранага асяроддзя арганізма. Тэрмін прапанаваў англ. фізіёлаг Ч.С.Шэрынгтан (1906). Прадстаўлены свабоднымі нерв. канцамі і ў выглядзе складаных інкапсуляваных канцоў (цельца Фатэра—Пачыні). У залежнасці ад здольнасці рэагаваць на раздражняльнікі падзяляюцца на І., якія адказваюць на дэфармацыю тканкі (барарэцэптары і механарэцэптары), успрымаюць хім. раздражненні (хемарэцэптары), узбуджаюцца ад змены т-ры асяроддзя (тэрмарэцэптары), знаходзяцца ў шкілетных мышцах, звязках, сустаўных сумках (прапрыярэцэптары) і інш. І. аналізуюць унутр. асяроддзе арганізма, каб прыстасаваць яго да патрэб моманту.
т. 7, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКТАГЕНЕ́З (ад грэч. ektos па-за, звонку + ...генез),
канцэпцыя ў эвалюцыйным вучэнні, што вызначае працэс эвалюцыі як непасрэдны вынік уздзеяння змен знешняга асяроддзя на арганізм. Эктагенетыкі лічаць, што арганізм здольны мэтанакіравана рэагаваць на гэтыя ўздзеянні, а набытыя такім шляхам адаптацыі прыкметы перадаваць у спадчыну (т.зв. адэкватная саматычная індукцыя). Але змены фенатыпаў арганізмаў, што ўзнікаюць на працягу іх жыцця, як рэакцыя на змены навакольных умоў (мадыфікацыі), не з’яўляюцца нованабытымі для дадзенага віду. Яны вызначаюцца нормай рэакцыі іх генатыпаў і ў спадчыну не перадаюцца. Эктагенетыкамі былі эвалюцыяністы дадарвінаўскага перыяду. У вучэнні Ж.Б.П.А.Ламарка Э. механічна аб’яднаны з процілеглай канцэпцыяй — аўтагенезам. Гл. таксама Неаламаркізм.
А.С.Леанцюк.
т. 18, кн. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛАМАРКІ́ЗМ,
сукупнасць ідэалістычных эвалюц. канцэпцый, заснаваных на асобных палажэннях ламаркізму. Узнік на паслядарвінаўскім этапе развіцця эвалюц. вучэння як проціпастаўленне дарвінізму. Вылучаюць 3 асн. кірункі Н.: орталамаркізм сцвярджае, што накіраванасць эвалюцыі абумоўлена зыходнымі ўласцівасцямі арганізма і па сутнасці ўяўляе сабой аўтагенет. канцэпцыю (гл. Аўтагенез); механаламаркізм тлумачыць эвалюц. пераўтварэнні арганізмаў іх зыходнай уласцівасцю мэтанакіравана рэагаваць зменамі структур і функцый на змены навакольнага асяроддзя (эктагенез), якія і вызначаюць эвалюцыю; псіхаламаркізм устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма, яго частак, у т. л. клетак. Агульнае для ўсіх канцэпцый — прызнанне дзеяння натуральнага адбору абмежаваным і залежным ад зменлівасці зыходнага матэрыялу.
Літ.:
Сковрон С. Развитие теории эволюции. Варшава, 1965;
Оно С. Генетические механизмы прогрессивной эволюции: Пер. с англ. М., 1973.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФО́РМАНС, перфоманс (ад англ. performanse выступленне, выкананне, прадстаўленне),
форма сучаснага мастацтва, у аснове якога знаходзіцца дзеянне. У адрозненне ад хэпенінга будуецца па разлічанаму сцэнарыю, аўтарам і выканальнікам якога з’яўляецца сам мастак або група мастакоў. П. можа ажыццяўляцца як непасрэдна перад гледачом, так і ў выглядзе відэа- або кіназапісу. Узнік у авангардысцкіх кірунках 1960-х г. У 1970-я г. пашырыў межы выяўленчага мастацтва. Дазваляе мастакам вобразна рэагаваць на актуальныя сац. ці культ. праблемы, уключаць рэальную прастору ў працэс фарміравання вобразных задум, непасрэдна ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гледача, часта як састаўны элемент акцыі. На Беларусі П. вядомы з 2-й пал. 1970-х г., сярод бел. перформераў найб. вядомыя А.Вараб’ёў, І.Кашкурэвіч, В.Пятроў, Л.Русава і інш.
Я.Ф.Шунейка.
т. 12, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)