ІНТЭРАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад лац. interior унутраны + рэцэптары),

інтэрацэптары, рэцэптары ўнутраныя, чуллівыя нервовыя канцы, якія знаходзяцца ў розных тканках і органах і ўспрымаюць інфармацыю з унутранага асяроддзя арганізма. Тэрмін прапанаваў англ. фізіёлаг Ч.​С.​Шэрынгтан (1906). Прадстаўлены свабоднымі нерв. канцамі і ў выглядзе складаных інкапсуляваных канцоў (цельца Фатэра—Пачыні). У залежнасці ад здольнасці рэагаваць на раздражняльнікі падзяляюцца на І., якія адказваюць на дэфармацыю тканкі (барарэцэптары і механарэцэптары), успрымаюць хім. раздражненні (хемарэцэптары), узбуджаюцца ад змены т-ры асяроддзя (тэрмарэцэптары), знаходзяцца ў шкілетных мышцах, звязках, сустаўных сумках (прапрыярэцэптары) і інш. І. аналізуюць унутр. асяроддзе арганізма, каб прыстасаваць яго да патрэб моманту.

т. 7, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)