верхняя частка песціка кветкі, што ўспрымае пылок. Паверхня Р. пакрыта тонкім бялковым слоем (пелікулай), які пры ўзаемадзеянні з бялкамі пылковага зерня спрыяе прарастанню пылковай трубкі або перашкаджае яму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХАГА́МІЯ (ад грэч. dicha асобна, паасобку + ...гамія),
розначасовае выспяванне пыльнікаў і рыльца кветкі або органаў рознага полу ў споравых раслін. Адзін з механізмаў, які перашкаджае самаапыленню і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню. Адрозніваюць пратандрыю, калі пыльнікі раскрываюцца раней, чым выспявае рыльца (напр., у большасці гваздзіковых, гераніевых і інш.), і пратагінію, калі раней выспявае рыльца кветкі (напр., у крыжакветных, ружавых і інш.), што бывае радзей. Тып Д. зрэдку можа залежаць ад умоў надвор’я (напр., у асаковых у гарачую вясну замест пратаганіі можа назірацца пратандрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СЦІК,
асноўная частка кветкі (жаночы орган), якая прымае ўдзел ва ўтварэнні плода. Мае завязь, слупок і рыльца. Фарміруецца адным або некалькімі пладалісцікамі. У кветцы бывае адзін (напр., вішня) ці некалькі (напр., півоня) простых песцікаў. Пасля апылення і апладнення ў семязавязі П. пераўтвараецца ў плод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙТАНАГА́МІЯ (ад грэч. geitōn сусед + ...гамія),
апыленне ў межах адной расліны ў выніку пераносу пылку з кветкі на кветку. Напр., у парасонікавых раслін насякомыя поўзаюць па ўсім суквецці і пераносяць пылок, сабраны на адной кветцы, на рыльца песціка другой кветкі. Пры гейтанагаміі ў некат. раслін насенне зрэдку не ўтвараецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЁНКА,
у беларусаў бандарная пасудзіна на 6—10 л, крыху расшыраная ў верхняй частцы. Выкарыстоўвалася для даення кароў. Рабілі Д. з хваёвых, радзей з дубовых ці кляновых клёпак. Адна падоўжаная клёпка ўтварала ручку, у клёпцы насупраць рабілі літок (рыльца). Для даення кароў у полі выкарыстоўвалі Д. з почапкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАСТЫЛІ́Я (ад гетэра... + грэч. stylos слуп),
рознаслупкаватасць, наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАКАРПІ́Я (ад грэч. parthenos нявінніца + karpos плод),
утварэнне на расліне пладоў без апладнення. Адрозніваюць П.: вегетатыўную (або аўтаномную) — плады завязваюцца і развіваюцца без апладнення, і стымулятыўную — для ўтварэння плода неабходна раздражненне рыльца кветкі чужародным пылком (напр., пылок яблыні здольны выклікаць П. ў грушы, пылок памідора — у баклажана). Такія плады не маюць насення або маюць яго без зародка. Расліны з безнасеннымі пладамі размнажаюцца вегетатыўна. Вядома П. ў многіх пладовых раслін (вінаград, груша, мандарын, яблыня і інш.) і часта з’яўляецца замацаванай сартавой адзнакай. Штучная стымулятыўная П. (мех., хім. і інш. раздражненнямі) мае гасп. значэнне (безнасенныя плады маюць добрыя смакавыя якасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЫЛЕ́ННЕ,
працэс пераносу пылку з пыльнікаў кветкі на рыльца песціка той самай кветкі або інш. кветкі адной расліны. У адных раслін С. — аблігатны (асноўны) спосаб апылення (авёс, пшаніца, некат. крыжакветныя), у другіх — факультатыўны (рэзервовы), выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі. Звычайна адбываецца пад канец цвіцення, рэдка да яго пачатку. Пастаяннае С. бывае часцей у аднагадовых раслін. Эвалюцыя кветкавых раслін ішла па шляху выпрацоўкі шматлікіх прыстасаванняў, якія перашкаджаюць С. і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню. Але ў большасці яно спалучаецца з С., таму што генет. С. спрыяе стабілізацыі адзнак віду, а перакрыжаванае — розным камбінацыям і ўзмацненню ўнутрывідавой зменлівасці. Прыватны выпадак С. — клейстагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЫЛЕ́ННЕ,
перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.