Руцін 2/396; 9/194

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФЛАВАНО́ІДЫ, вітамін P,

група біялагічна актыўных арган. рэчываў — флаваноідаў (катэхіны, кверцэцін і яго глюказід — руцін, гесперыцін і інш.). Большасць біяфлаваноідаў — жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў арган. растваральніках. Актыўныя ў прысутнасці аскарбінавай к-ты. Многія біяфлаваноіды — пігменты, якія надаюць афарбоўку кветкам і пладам раслін. Найб. біяфлаваноідаў у пладах цытрусавых, ароніі, чорных парэчак, шыпшыны, у лісці чаю (асабліва зялёнага). Пры недахопе біяфлаваноідаў парушаецца пранікальнасць капіляраў, развіваецца гемарагія. Сутачная норма біяфлаваноідаў для дарослага чалавека 25—50 мг. Ужываюцца як капіляраўмацавальныя сродкі, харч. антыаксіданты, фарбавальнікі і дубільныя рэчывы.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАСПЫНЯ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

антыгемарагічныя, гемастатычныя сродкі, лекавыя, фармакалагічныя рэчывы, якія ўжываюцца для спынення крывацёкаў. Бываюць мясц. (непасрэдны кантакт з кроватачывай тканкай) і агульнага, рэзарбцыйнага (увядзенне ў арганізм унутрывенна, падскурна і інш.) дзеяння. Да К.с. мясцовага ўздзеяння належаць трамбін, гемастатычная губка і рэчывы, якія каагулююць бялкі (танін, танальбін, тромбапласцін, оксіцэладэкс і інш.), солі цяжкіх металаў у невял. колькасцях (жалеза хларыд, медзі сульфат, прэпараты вісмуту, серабра нітрат, цынку хларыд), часта ўжываюць калію перманганат, галын, перакіс вадароду, фармальдэгід, ёд і інш. Да К.с. агульнага ўздзеяння належаць вітамін К (вікасол), 10 %-ны раствор хларыду кальцыю, лек. сродкі, якія звужаюць перыферыйныя сасуды (адрэналін, глюкакортыкастэроіды, эфедрын, метазон і інш.). Кроваспыняльны эфект дае пераліванне крыві (або плазмы), эрытрацытнай і трамбацытарнай масы крыві. Пры крывацёках, звязаных з парушэннем пранікальнасці капіляраў, ужываюць аскарбінавую к-ту, руцін, жэлацін, дыцынон і інш. Як гемастатыкі выкарыстоўваюць эпсілонамінакапронавую к-ту, авамін, кантрыкал і інш. Пры дрэннай згусальнасці крыві ўжываюць фібрынаген, антыгемафільныя глабуліны, крыяпрэцыпітат і інш. У якасці К.с. карыстаюцца прэпаратамі з розных раслін: арнікі, вадзянога перцу, каліны, кары дубу, крапівы, крываўніку, купальніку горнага, ліста шалфею. Да К.с. належаць таксама матачныя сродкі для спынення матачных крывацёкаў.

Я.​П.​Іваноў.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)