ФЛАВАНО́ІДЫ (ад лац. flavus жоўты + грэч. eidos выгляд),
фенольныя злучэнні, якія ўтрымліваюцца ў вышэйшых раслінах (кветках, пладах, каранях, лісці, насенні, драўніне), радзей — у мікраарганізмаў і насякомых. Вядома каля 2 тыс. Ф. Многія з іх — пігменты, якія надаюць афарбоўку розным органам раслін (напр., антацыяны). Некат. валодаюць Р-вітаміннай актыўнасцю (напр., руцін).
Крышт. рэчывы белага, жаўтаватага (катэхіны), жоўтага (напр., флавоны), аранжавага (халконы), чырв., сіняга і фіялетавага (антацыяны) колераў. Ахоўваюць расліны ад ультрафіялету, драўніну ад хваробатворных грыбкоў. У чалавека і жывёл валодаюць процізапаленчым, антыаксідантным, проціпухлінным і інш. дзеяннем. Выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці, для прыгатавання фарбавальнікаў, харч. антыаксідантаў.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)