БІЯФЛАВАНО́ІДЫ,

вітамін P, група біялагічна актыўных арган. рэчываў — флаваноідаў (катэхіны, кверцэцін і яго глюказід — руцін, гесперыцін і інш.). Большасць біяфлаваноідаў — жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў арган. растваральніках. Актыўныя ў прысутнасці аскарбінавай к-ты. Многія біяфлаваноіды — пігменты, якія надаюць афарбоўку кветкам і пладам раслін. Найб. біяфлаваноідаў у пладах цытрусавых, ароніі, чорных парэчак, шыпшыны, у лісці чаю (асабліва зялёнага). Пры недахопе біяфлаваноідаў парушаецца пранікальнасць капіляраў, развіваецца гемарагія. Сутачная норма біяфлаваноідаў для дарослага чалавека 25—50 мг. Ужываюцца як капіляраўмацавальныя сродкі, харч. антыаксіданты, фарбавальнікі і дубільныя рэчывы.

А.М.Ведзянееў.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)