млекакормячае сям. воўчых атр. драпежных. Некат. вучоныя разглядаюць Д. як падвід здзічэлага свойскага сабакі. Пашырана ў Аўстраліі, верагодна, разам з пранікненнем чалавека. Жыве пераважна на адкрытых раўнінах або ў разрэджаных лясах. Начная і змрокавая жывёла, трымаецца невял. зграямі.
Даўж. цела 90—110 см. Целасклад зграбны, ногі моцныя, кароткія, прамыя. Вушы стаяць, хвост пушысты. Валасяное покрыва густое, мяккае. Звычайная афарбоўка ржава-рыжая або рыжа-бурая; трапляюцца белыя, плямістыя, шэрыя, амаль чорныя асобіны. Нараджае 4—8 шчанят. Корміцца дзікімі і свойскімі жывёламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМАРО́ДАКзвычайны
(Alcedo atthis),
птушка сям. зімародкавых атр. ракшападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве каля рэк, розных вадаёмаў з абрывістымі берагамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, нар. назва рыбалоў. Трапляецца па ўсёй тэр., часцей на Пд і Пн. Занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 18—19 см, маса 27—38 г. Галава вялікая, дзюба доўгая, прамая. Хвост кароткі. Апярэнне стракатае: зверху блакітна-зялёнае, надхвосце бліскуча-блакітнае, шырокая паласа ад дзюбы праз вока да патыліцы і горла — вохрыста-белаватая, брушка ржава-рыжае. Гняздуецца асобнымі парамі. Гнёзды ў норах. Нясе 5—8 яец. Корміцца дробнай рыбай. Зімуе ў краінах Міжземнамор’я, зрэдку каля незамёрзлых вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУ́Н (Ledum),
род кветкавых раслін сям. верасовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў халодных і ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі ўсюды трапляецца багун балотны (Ledum palustre). Расце на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны куст выш. 30—120 см з прамастойным галінастым сцяблом. Верхавінкі маладых галінак, кветаножкі і лісце знізу ўкрытыя ржава-бурым лямцам. Лісце чаргаванае, лінейна-падоўжанае, на кароткіх чаранках, шчыльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белыя, адурманьвальна-духмяныя, у верхавінкавых парасонападобных шчытках. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек. (адхарквальны сродак), інсектыцыдная і меданосная расліна. Мае ў сабе дубільныя і фарбавальныя рэчывы, ядавіты — гліказіды арбуцін і андрамедатаксін, да 7,5% эфірнага алею з рэзкім пахам і горкім смакам, які валодае раздражняльным і наркатычным дзеяннем, у значных дозах паралізуе нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСКАЎНІ́ЦА (Pholiota),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. страфарыевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных шыротах, некат. ў тропіках і субтропіках. На Беларусі каля 10 відаў. Найб. вядомыя Л.: вуглялюбная, або агнёўка вуглялюбная (P. carbonaria), звычайная (P. squarrosa), вогненная (P. flammans), залацістая (P. aurivella). Агульная нар. назва іх — воўчы грыб. Паўпаразіты, актыўна разбураюць драўніну, трапляюцца на ствалах мёртвых і жывых дрэў, ламаччы і інш. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 12 см, ад паўшарападобнай да распасцёртай, з лускавінкамі або голая, клейкая ці сухая. Агульнае пакрывала рана знікае. Пласцінкі зыходныя па ножцы або прырослыя. Ножка з лускавінкамі, з кольцам ці без яго. Мякаць мяккая, бураватая, у некат. горкая, мае слабы пах рэдзькі. Споры гладкія, пераважна ржава-жоўтыя. Грыбы неядавітыя, ёсць ядомыя, але не спажываюцца.