МЕТРДАТЭ́ЛЬ (ад франц. maître d’hôtel літар. гаспадар гасцініцы),
галоўны афіцыянт, распарадчык у рэстаране.
т. 10, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БКА, бабка-павітуха,
у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.
Т.І.Кухаронак.
т. 2, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К АМА́ТАРАЎ (Існаваў у Магілёве ў 1897—98) (статут зацверджаны 7.1.1897). Меў на мэце прапагандаваць сярод жыхароў горада муз. і тэатр. мастацтва, садзейнічаць развіццю маст. здольнасцей сваіх членаў, дапамагаць дабрачынным установам. Складаўся з ганаровых і правадз. членаў, членаў-наведвальнікаў і членаў-выканаўцаў (96 чал.). Уключаў вакальны (распарадчык У.Нячаеў),
інструментальны (С.Віслоцкі) і драм. (П.Сухоцін) аддзелы. Члены гуртка наладжвалі літ.-муз. вечары (у т. л. 2.2.1898 прысвечаны М.Глінку), ставілі спектаклі. Выконваліся арыі з опер муз. класікаў, хары, рамансы, рус. нар. песні; выступалі з меладэкламацыяй, чыталі вершы. Паказаны спектаклі: «Шчаслівы дзень» М.Салаўёва і А.Астроўскага, «Шашкі» М.Крыніцкага, «Прапанова» А.Чэхава, «Пасткі» А.Пальма, «Не ў свае сані не садзіся» Астроўскага, камедыя «Сямейныя тайны» Дз.Азнабішына, вадэвіль «Варона ў паўлінавых пёрах» Кулікова.
Т.І.Чаплыгіна.
т. 9, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццё маст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ. жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.С.Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.Х.Бабарыкін), драм. (І.Я.Марголін, В.М.Плахаў) і муз. (С.Л.Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.Чэхава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш. Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.
У.В.Мальцаў.
т. 5, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)