ФАРАО́Н,
старажытнаегіпецкі правіцель; вярхоўны распарадчык зямельных, сыравінных, харч. рэсурсаў і насельніцтва Егіпта; з XXII дынастыі — тытул правіцеля. Першапачаткова тэрмін «Ф.» абазначаў «палац правіцеля» і толькі з XVIII дынастыі (з эпохі Новага царства) — самога правіцеля. Да XXII дынастыі слова «Ф.» не ўваходзіла ў царскую тытулатуру, якая складалася з асабістага імя і 4 царскіх імён (даваліся пры ўступленні на прастол). Паводле стараж.-егіп. вераванняў, Ф. лічыўся сынам Сонца, зямным увасабленнем Гора і наследнікам Асірыса. Імёны Ф. ўвекавечаны ў грандыёзных помніках-пірамідах і храмах.
т. 16, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)