«РА́НІЦА»,

газета для дзяцей школьнага ўзросту і падлеткаў. Выдаецца з кастр. 1929 у Мінску на бел. мове штотыднёва; наз. «Піянер Беларусі». З 1994 сучасная назва. Асвятляе пытанні гісторыі Беларусі, адраджэння нац. культуры; патрыят., працоўнага, фіз., эстэт. выхавання дзяцей і падлеткаў, расказвае пра дзейнасць дзіцячых згуртаванняў і арг-цый у школах і дзіцячых установах рэспублікі.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

газета. Выдавалася са снеж. 1939 да крас. 1945 у Берліне на бел. мове 1—4 разы ў месяц пад кантролем герм. улад. Друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі, ваен. зводкі, тэндэнцыйна асвятляла становішча на франтах 2-й сусв. вайны, міжнар. адносіны. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва, бел. культ.-асв. суполак і арг-цый за мяжой, інфармавала пра падзеі на Беларусі. Перадрукоўвала матэрыялы з газет, якія выходзілі на тэр. рэйхскамісарыята «Остланд», а таксама прафаш. рус. і ўкр. прэсы. Публікавала артыкулы гіст. тэматыкі М.​Шкялёнка, А.​Адамовіча, мемуары У.​Глыбіннага, успаміны К.​Езавітава пра С.​Палуяна, творы М.​Багдановіча, Л.​Геніюш, Н.​Арсенневай, Я.​Палоннага і інш. Выйшлі не менш як 233 нумары.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

часопіс бел. студэнцкай моладзі дэмакр. кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрв. 1914 у Пецярбургу. Ставіў задачу шляхам асветы, вывучэння духоўных і прадукц. сіл Беларусі павышаць грамадскую свядомасць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэння народу. Пафас публіцыст. выступленняў (арт. К.​Голскага і Л.​Будзіловіча) — адлюстраванне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненне наблізіць яе змаганнем. У арт. Б.​Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.​Душэўскага актуальныя праблемы вывучэння культуры бел. народа — яго мовы, нар. творчасці, мастацтва. У аснове алегарычнага апавяд. «Казка аб крылах» Будзіловіча — ідэя неабходнасці служэння інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Змешчаны агляд культ.-грамадскага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расіі, рэкламы пецярб. і віленскіх бел. выданняў.

Літ.:

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.), Мн., 1971.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 22.12.1921 да 16.2.1922 у Вільні на бел. мове штодзённа. Рэдактар-выдавец В.Адамовіч. Надрукавала стэнаграму Бел. з’езда, скліканага ў снеж. 1921 у Вільні прыхільнікамі Польшчы. Насуперак рашэнню Бел. нац. к-та аб байкоце беларусамі выбараў у Віленскі сейм агітавала насельніцтва за ўдзел у выбарах і выставіла спіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Пасля выбараў інфармавала аб дыскусіях у сейме пра будучы лёс Віленшчыны. Шмат увагі аддавала пытанням рээвакуацыі бежанцаў з Сав. Расіі, якія пакінулі Зах. Беларусь у час 1-й сусв. вайны. Публікавала дыскусійныя матэрыялы («Аб рэлігійнай уніі на Беларусі» М.​Каляды, «Беларуская інтэлігенцыя і будаўніцтва Беларусі» пад крыптанімам «С-с» і інш.), агляды міжнар. становішча, выказванні і інтэрв’ю членаў польскага ўрада, весткі з Сав. Беларусі. Змясціла творы Я.​Піліпава, Адамовіча (над псеўд. Дзяргач), А.​Шуляка і інш. Закрыта ў сувязі з завяршэннем акцыі афіц. далучэння Віленшчыны да Польшчы. Выйшлі 32 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Раніца Масквы (сорт ружы) 9/170

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІЯНЕ́Р БЕЛАРУ́СІ»,

назва газ. «Раніца» ў 1929—93.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДА́РСКІ (Роберт Яфімавіч) (н. 1.4.1936, г. Гомель),

бел. жывапісец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1966). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творчасць вызначаецца дэкаратыўнасцю каларыту, лірыка-эпічным ладам кампазіцый. Сярод твораў: «Ластаўкі» (1974), «Вясновыя турботы» (1975), «Жаўрук спявае» (1978), «Раніца ў Тарасаўцы», «На Белым возеры», «Кветкі лугавыя» (усе 1980), «Пейзаж з сарокамі», «Палескія дубравы» (абодва 1981), «Балада пра маці» (1982), «На Прыпяці» (1983), «Вёска Радуга» («Дзень Перамогі», 1984), «Расчыненае акно» (1987), «Юнацтва», «Веснавы сеў» (абодва 1992), «У забароненай зоне» (1994), «Вёска Барталамееўка» (1996), «Раніца» (1997), «На Бесядзі», «Лета майго дзяцінства», «Закат на Прыпяці» (усе 1998); акварэлі «Зімой» (1972), «Вясна на Сажы» (1974), «Раніца на Сажы» (1981) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БНАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (4.3.1908, Тбілісі — 30.6.1964),

рускі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1954). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў Маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30). Для яго жанравых і гіст. кампазіцый характэрныя шырокая жывапісная манера, мажорнае гучанне колеру («Раніца на Куліковым полі», 1943—47, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Вечар на пашы» і «На полі», 1959—60; «Восень», 1961—62, і інш.). Ілюстраваў творы М.​Гогаля, А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі.

Літ.:

Акимова И. А.​П.​Бубнов. М., 1956.

А.Бубнаў. Раніца на Куліковым полі. 1943—47.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫЧО́Ў (Юрый Аляксандравіч) (2.4.1921, г. Мурам Уладзімірскай вобл., Расія — 16.9.1976),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1953). З 1953 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў: «Дзеці партызана», «Несцерка», «Міколка-паравоз», «Шчасце трэба берагчы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Першыя выпрабаванні» (з У.​Белавусавым), «Насустрач буры», «Пушчык едзе ў Прагу», «Анюціна дарога», «Ствары бой», «Там, удалечыні за ракой», «Неадкрытыя астравы», «Маленькі сяржант»; тэлефільма «Па сакрэце па ўсім свеце». Сярод жывапісных работ: «Шыпшына», «Самота», «Раніца ў горадзе», «Зімовы дзень», «Хутар», «Цішыня», «Масток», «Дарога»; партрэты, эцюды, замалёўкі і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Булычоў. Раніца ў горадзе. 1957.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.11.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),

бел. жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.

Літ.:

Лейтман Ф. У.​М.​Кудрэвіч. Мн., 1958;

Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;

Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Кудрэвіч. Раніца вясны. 1924.

т. 8, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)