Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРЫ́НЫ (Littorinidae),
сямейства пярэдняшчэлепных малюскаў. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных, радзей у халодных і субтрапічных морах Паўн. паўшар’я. Вядомы з палеацэну. Жывуць на літаралі (адсюль назва) да глыб. 50 м. Прамежкавыя гаспадары некат. паразітаў.
Ракавінадаўж. да 45 мм, авальна-канічная, гладкая, бывае грубая спіральная. Афарбоўка пярэстая з белымі або аранжавымі палосамі на цёмным фоне, часам аднаколерная. Кормяцца расліннасцю і дэтрытам. Раздзельнаполыя, некат. яйцажывародныя. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́НЫ (Rapana),
род марскіх пярэдняшчэлепных малюскаў сям. пурпуровых смаўжоў. 3 віды. Пашыраны ў морах Д.Усходу. Від Р. тамазіяна (R. thomasiana, або R. venosa) занесена ў Чорнае м., адкуль пашыраецца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага мора.
Ракавінадаўж. да 22 см, шырокаавальнай формы, шаравата-карычняватая, са спіральнымі рэбрамі. Сіфон кароткі, вусце шырокае, часта ярка афарбаванае (белае, жоўтае, аранжавае). Драпежнікі. Выдзяленні гіпабранхіяльнай залозы ядавітыя для двухстворкавых малюскаў (вустрыц, мідый), якімі Р. кормяцца. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Pteropoda),
атрад задняшчэлепных малюскаў. 2 падатр. (паводле інш. класіфікацыі 2 атр.), каля 30 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных морах.
Цела паўпразрыстае, нярэдка ярка афарбаванае. Нага рудыментарная, добра развітыя 2 яе бакавыя лопасці — параподыі, падобныя на крылы (адсюль назва), пры дапамозе якіх малюскі плаваюць. У прадстаўнікоў групы тэкасаматаў ёсць спіральная або двухбакова-сім.ракавіна ці т.зв. несапр. ракавіна: У прадстаўнікоў групы гімнасаматаў ракавіны няма. Кормяцца планктонам. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІТЫ́НІЯ (Bithynia),
род прэснаводных бруханогіх малюскаў сям. гідрабіід. Каля 20 відаў у Еўразіі і на в-ве Грэнландыя. Занесены ў Паўн. Амерыку. Жывуць у стаячых і праточных вадаёмах, на раслінах, камянях, у глеі. На Беларусі 2 віды: бітынія шчупальцавая (B. tentaculata) пашырана ў рэках, азёрах, вадасховішчах; бітынія Ліча (B. leachi) — рэдкі від, адзначаны ў азёрах Нарач, Дрывяты, Мястра, некаторых вадаёмах Палесся.
Ракавінавыш. да 15 мм, яйцападобная або авальна-канічная, гладкая, радзей спіральнай формы. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Корм для рыб. Ачышчаюць вадаёмы. Некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей, у прыватнасці кашэчай двухвусткі (узбуджальнік апістархозу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІГЕРЫ́НЫ (Globigerina),
род прасцейшых жывёл атр. фарамініфер кл. караняножак. Некалькі дзесяткаў відаў, у т. л. шмат выкапнёвых. Пашыраны ў цёплых морах, акіянах, вядуць планктонны спосаб жыцця.
Ракавіна порыстая, вапняковая, складаецца з некалькіх шарападобных камер, злучаных паміж сабой. Паверхня камер укрыта доўгімі радыяльнымі калючкамі, якія аблягчаюць «лунанне» ў тоўшчы вады. Ракавіны памерлых глабігерынаў падаюць на дно і ўтвараюць асн. частку глыбакаводнага глабігерынавага мулу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ХА,
орган слыху і раўнавагі ў чалавека і пазваночных жывёл; частка слыхавога апарата. У чалавека і большасці сучасных відаў пазваночных падзяляецца на вонкавае, сярэдняе і ўнутранае вуха (у кітападобных, ластаногіх, у рыючых жывёл, якія жывуць у тоўшчы глебы, у дарослых птушак, некаторых земнаводных і рэптылій адзначаецца рэдукцыя вонкавага, а ў шэрагу відаў і сярэдняга вуха). Вонкавае вуха (вушная ракавіна і вонкавы слыхавы праход) перадае ваганні паветра на барабанную перапонку.
Зачаткі яго ёсць у кракадзілаў, найб. складаную форму яно набыло ў млекакормячых. Сярэдняе вуха знаходзіцца ў скроневай косці за барабаннай перапонкай, уключае барабанную поласць, комплекс слыхавых костачак (малаточак, кавадлачка, стрэмечка ў млекакормячых, слупок — у амфібій, рэптылій і птушак), злучана з вонкавым асяроддзем (праз глотку) еўстахіевай трубой. Перадае гукавыя ваганні з барабаннай перапонкі на авальнае акенца ўнутранага вуха і ахоўвае яго ад перагрузак, узмацняе гукавыя частоты на аснове з’яў рэзанансу. Унутранае вуха размешчана ў тоўшчы скроневай косці, складаецца з перапончатага (сістэма злучаных паміж сабой і запоўненых эндалімфай танкасценных поласцей — мяшочкаў і праток) і касцявога (пераддзвер’е, паўкружныя каналы, улітка, запоўненыя перылімфай) лабірынтаў. Унутранае вуха ўключае т.зв.кортыеў орган, да слыхавых клетак якога падыходзяць канцы слыхавых нерваў, слыхавую частку (улітка) і вестыбулярны апарат. Вушная ракавіна, вонкавы слыхавы праход, барабанная перапонка, слыхавыя костачкі і лабірынтавая вадкасць складаюць гукаправодны апарат вуха, кортыеў орган, слыхавыя клеткі і нервы — гукаўспрымальную частку, вестыбулярны апарат — орган раўнавагі. Аналіз інфармацыі, якую атрымала вуха, адбываецца ў нерв. цэнтрах стваловай і коркавай частак мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́СКІ (Mollusca),
мяккацелыя, тып беспазваночных жывёл. 2 падтыпы: боканервовыя (2 або 3 класы) і ракавінныя (5 кл.). Каля 130 тыс. сучасных і больш за 100 тыс. вымерлых відаў. Вядомы з ранняга палеазою (больш за 550 млн. гадоў назад). Важны сродак вызначэння ўзросту геал. адкладаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі больш за 60 відаў з кл.двухстворкавых малюскаў і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах. У Чырв. кнізе Беларусі жамчужніца звычайная.
Даўж. ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна), на Беларусі да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некат. відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некат. відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хім. адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі ч. раслін; ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Ядомыя М. (вустрыцы, грабеньчыкі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасці ракавіны М выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкар.-прыкладным мастацтве. Гл. таксама Галаваногія малюскі.