ГАРО́ШЫНКІ
(Pisidium),
род прэснаводных двухстворкавых малюскаў. Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 15 відаў. Найб. пашыраны гарошынка рачная (Р. amnicum), гарошынка бліскучая (Р. nitidum), гарошынка балотная (Р. casertanum).
Ракавіна даўж. 2—10 мм авальная або яйцападобная з ссунутай назад верхавінкай. Рухаюцца з дапамогай ланцэтападобнай нагі. Дыханне шчэлепнае. Гермафрадыты. Моладзь выношваюць у вывадкавых камерах (марсупіях). За год даюць 2 патомствы. Кормяцца мікрапланктонам, рэшткамі раслін і жывёл. Удзельнічаюць у біялагічным самаачышчэнні вадаёмаў. Корм для некат. рыб.
т. 5, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)