КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.
2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.
3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́ТКА,
1) слясарная аперацыя нанясення на загатоўкі метак (кропак і ліній), якія паказваюць контуры паверхняў, што падлягаюць мех. апрацоўцы, а таксама восевых і дапаможных ліній, цэнтравых знакаў для выверкі загатовак пры ўстаноўцы на станках.
Робіцца на спец. разметачнай пліце з дапамогай разнастайных разметачных інструментаў. Асн. спосабы Р.: па чарцяжы, шаблоне, узоры, па месцы (па памерах адной дэталі размячаюць памеры спалучанай з ёй дэталі). Для правільнай устаноўкі загатовак на разметачнай пліце карыстаюцца спец. прызмамі, дамкратамі, падкладкамі і інш. 2) Р. дарожная — лініі і абазначэнні на праезнай частцы вуліц і дарог, на апорах мастоў, бардзюрах і інш. Устанаўліваюць парадак дарожнага руху, дапамагаюць арыентавацца ў дарожных абставінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
работы, якія выконваюць пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў з каменных матэрыялаў і канструкцый; разнавіднасць будаўнічых работ. Уключаюць асн. (тэхнал.), кантрольна-вымяральныя і дапаможныя працэсы (аперацыі).
Асн. тэхнал. аперацыі: падача і расклада цэглы (камянёў) і буд. раствораў; укладка, абколванне і абчэсванне цэглы (камянёў), устаноўка буйных блокаў у праектнае становішча; наданне буд. швам пэўнай формы. Кантрольна-вымяральныя: праверка гарызантальнасці радоў цэглы (камянёў), вертыкальнасці сцен, якасці пярэдняй паверхні; дапаможныя: загатоўка матэрыялаў, мацаванне і перастаноўка рыштаванняў, мантаж перамычак, панэлей перагародак, пліт перакрыццяў, балконаў і інш. У залежнасці ад матэрыялаў муроўка бывае: бутавая і бутабетонная, цагляная Суцэльная і аблегчаная, драбнаблочная і муроўка з абліцоўкай (бутавая, цагляная або з бетонных, сілікатных і керамічных камянёў, гл.Муроўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛЫ ДАРО́ЖНАГА РУ́ХУ,
асноўны нарматыўны акт, які рэгламентуе парадак дарожнага руху і паводзіны яго ўдзельнікаў (вадзіцеляў, пешаходаў і пасажыраў). Выконваюць арганізацыйна-прававыя функцыі кіравання, вызначаюць пералік няспраўнасцей і ўмоў, пры якіх забараняецца эксплуатацыя трансп. сродкаў на дарожна-трансп. сетцы. На Беларусі дзеючыя П.д.р. ўведзены ў 1996.
Дарожны рух — складаны дынамічны працэс, які ўяўляе сабой узаемадзеянне сукупнасці рухомых і нерухомых пешаходаў і розных тыпаў мех. і немех. трансп. сродкаў. П.д.р. садзейнічаюць падтрыманню неабходнай скорасці руху, устанаўліваюць значэнні сігналаў святлафора, знакаў дарожных, дарожнай разметкі і інш. Першыя правілы аўтамаб. руху з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1896), пазней у інш. краінах. У Расіі распрацоўваліся і ўводзіліся мясц. органамі ўлады з 1900-х г. У СССР П.д.р. ўстаноўлены дэкрэтам СНК (1920). У 1940 зацверджаны «Тыпавыя правілы руху па вуліцах гарадоў СССР», на аснове якіх распрацоўваліся П.д.р. на месцах, у т. л. рэспубліканскія. Адзіныя «Правілы руху па вуліцах і дарогах СССР», уведзены ў 1961, у 1965 і 1970. У 1973 уведзены П.д.р. з улікам патрабаванняў Канвенцыі аб дарожным руху і Канвенцыі аб дарожных знаках (1968; Вена), яны змяняліся і дапаўняліся ў 1975, 1976 і 1979. У правілах 1980 улічаны таксама і міжнар. вопыт у галіне аўтамаб. транспарту і дарожнага руху, а таксама дакументы па бяспецы дарожнага руху.