ПШАНІ́ЧНА-ПЫ́РНІКАВЫЯ ГІБРЫ́ДЫ,
расліны, атрыманыя скрыжаваннем пшаніцы з пырнікам. Першае скрыжаванне правёў у 1930-я г. М.В.Цыцын з мэтай стварэння больш дасканалых форм пшаніцы. Атрыманы П.-п.г. шмат- і аднагадовыя, зерневага і кармавога кірункаў. Лепшыя аднагадовыя зернекармавыя формы па ўраджаі сена перавышаюць азімае жыта на 45—55%, віка-аўсяную сумесь на 25—35%. Шматгадовыя зернекармавыя гібрыды (новы 56-храмасомны від) вызначаюцца высокай устойлівасцю супраць грыбковых хвароб і маразоў. Шматкветныя і шматзерневыя галінастакаласовыя формы (42-храмасомны від) даюць зерне з высокімі хлебапякарнымі якасцямі, марозаўстойлівыя. На Беларусі вырошчвалі ў 1960-я Г.
В.М.Прохараў.
т. 13, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),
арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.
У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл. Гібрыдызацыя.
т. 5, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)