ГІБРЫ́Д

(ад лац. hibrida помесь),

арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.

У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл. Гібрыдызацыя.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)