ЗЕЛЯНУ́ШКА звычайная

(Chloris chloris),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, М. Азіі, на Пн Ірана і ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў драбналессі, на ўзлесках мяшаных лясоў, у садах, парках і інш. На Беларусі звычайны пералётны і асела-вандроўны віды.

Даўж. цела 8—10 см, маса 25—30 г. Апярэнне самца зеленавата-шэрае, больш яркае на брушку, верх галавы шэры. На баках хваста і крылах жоўтыя плямы. Самка зверху шэра-зялёная, знізу брудна-белая. Маладыя афарбаваны, як самка, на грудзях маюць падоўжаныя бурыя стракаціны. Гнёзды будуе на дрэвах і кустах. Корміцца насякомымі, насеннем раслін, ягадамі. Зімуе ў паўд. ч. гнездавога арэала.

Зелянушка: 1 — самец, 2 — самка, 3 — птушаня.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)