Псіхічныя хваробы 8/303, 619

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, душэўныя хваробы,

расстройствы псіхічнай дзейнасці галаўнога мозга чалавека, пры якіх парушаюцца адлюстраванне навакольнага асяроддзя і самасвядомасць. Падзяляюцца на псіхозы і пагранічныя расстройствы. Пры псіхозах — неадэкватнае адлюстраванне рэчаіснасці з адпаведнай дэзарганізацыяй мэтанакіраваных паводзін, фарміраванне асаблівых псіхапаталаг. утварэнняў (галюцынацый, маній і інш.). Асн. віды псіхозаў: белая гарачка, маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія, эпілепсія, дэменцыя (набытая прыдуркаватасць, якая выклікаецца пашкоджаннем галаўнога мозга, часцей як вынік прагрэсіруючага атрафічнага працэсу ў мозгу або атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга). Пры пагранічных расстройствах (напр., неўрозы) адзначаюцца якасныя адхіленні ад нармальнага псіхічнага развіцця пры адэкватнасці паводзін і ўспрымання. П.х. могуць развівацца бесперапынна і прыступападобна, з паглыбленнем дэфекту асобы або без яго. Вывучае П.х. псіхіятрыя.

Літ.:

Руководство по психиатрии. Т. 1—2. М., 1988;

Клиническая психиатрия: Пер. с англ. М., 1999.

А.​А.​Зайцаў, У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Псіхозы, гл. Псіхічныя хваробы

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЗГ,

цэнтральны аддзел нерв. сістэмы жывёл і чалавека, які забяспечвае рэгуляцыю жыццёвых функцый арганізма, у т. л. вышэйшую нерв. дзейнасць; у чалавека — псіхічныя функцыі, мысленне. Падзяляецца на галаўны мозг і спінны мозг. Гл. таксама Цэнтральная нервовая сістэма.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЮЦЫНАГЕ́НЫ (ад галюцынацыі + ...ген(ы)], псіхатаміметыкі, дызлептыкі, прыродныя і сінт. рэчывы, здольныя выклікаць у людзей разнастайныя псіхічныя парушэнні, у т. л. галюцынацыі. Паводле хім. будовы падзяляюцца на вытворныя фенілэтыламіну (адрэнахром, адрэналюцін, мескалін); вытворныя крыптаміну (дыэтыламід лізергінавай кіслаты, псілацыбін, буфатэнін); вытворныя дыбензіпірану (канаблоіды, або гашыш, — прэпараты з індыйскіх канапель); інш. хім. рэчывы (серніл і інш.). Прыродныя галюцынагены маюць расліннае паходжанне. Іх здабываюць з некаторых мекс. грыбоў і спарынні, кактусаў, канапель, каранёў магільніку, саломкі і каробачак маку і інш.; шэраг такіх алкалоідаў належыць да наркатычных сродкаў. Найб. вывучана дзеянне мескаліну і дыэтыламіду лізергінавай кіслаты (выклікаюць выразныя псіхічныя парушэнні са зрокавымі галюцынацыямі). На Беларусі лек. і навук. выкарыстанне галюцынагенаў забаронена.

Ф.​М.​Гайдук.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНАЯ РАСКО́ЛІНА ВЕ́РХНЯЙ ГУБЫ, «заечая губа»,

прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай паднябення. Фарміруецца на 6—7-м тыдні эмбрыягенезу. Бывае адна- і двухбаковая (аднабаковая ў 3 разы часцей), мае форму ад невял. выемкі каля краю губы да поўнай сувязі з адтулінамі носа, што абцяжарвае смактанне, парушае дыханне дзіцяці. Развіццю заганы спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, псіхічныя траўмы, інфекцыі, уздзеянне радыяцыі і інш. Лячэнне хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),

індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».

2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.

3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.

Літ.:

Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.

Л.​А.​Гуцаленка.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХЛОРЭТА́Н, этылендыхларыд, 1,2-дыхлорэтан,

хлорвытворнае этану, ClCH2—CH2Cl. Бясколерная вадкасць з саладкаватым пахам, tкіп 83,47 °C, шчыльн. 1253 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў этаноле, ацэтоне, бензоле, эфіры. Атрымліваюць простым ці акісляльным хлараваннем этылену. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці вінілхларыду, этылендыаміну, этыленгліколю, полісульфідных каўчукоў, як растваральнік, фумігант. Таксічны: выклікае псіхічныя расстройствы, галавакружэнне, ірвоту, пашкоджанне нырак, печані, ГДК (для пары) 10 мг/м³, у паветры населеных месцаў 1 мг/м³ (сярэднясутачная). Гл. таксама Галагенавытворныя вуглевадародаў.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСКАВА́ТЫ ЛІША́Й, псарыяз,

хранічная незаразная хвароба скуры, слізістых абалонак, пазногцяў, суставаў чалавека. Узнікненню Л.л. спрыяюць парушэнні дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі, нерв. сістэмы, псіхічныя траўмы і генет. фактары. Пачынаецца з высыпкі (вузельчыкі-папулы, укрытыя серабрыста-белымі лусачкамі), найчасцей на галаве, каленях, локцях. Вузельчыкі зліваюцца ў бляшкі розных памераў ружова-чырвонага ці чырв. колеру. Можа ўзнікаць на месцы траўмаў, здрапванняў. Цяжкія формы захворвання — пустулёзны Л.л. (гнайнічкі), артрапатычны (пашкоджванне суставаў), эрытрадэрмічны (дыфузнае пашкоджванне скуры). Лячэнне тэрапеўтычнае, вітаміны, пры неабходнасці курортатэрапія.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЯСТЫНІ́Т (ад позналац. mediastinum міжсценне),

запаленне органаў міжсцення (часткі грудной клеткі, дзе знаходзяцца сэрца, стрававод, трахея, буйныя крывяносныя сасуды) чалавека. Адрозніваюць М. першасны (узнікае ў выніку траўмы пры пранікальных раненнях міжсцення) і другасны (ускладненне запаленчых працэсаў грудной поласці, рота, шыі). Працякае ў вострай і хранічнай формах. Пры вострым М. павышаецца т-ра цела, назіраецца задышка, тахікардыя і інш., бываюць нерв.-псіхічныя парушэнні. Асн. прыкметы хранічнага М. — сцісканне вен, трахеі, стрававода, пульсуючыя болі за грудзінай і інш. Лячэнне хірург., тэрапеўтычнае.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)