ДЫХЛОРЭТА́Н, этылендыхларыд, 1,2-дыхлорэтан,

хлорвытворнае этану, ClCH2—CH2Cl. Бясколерная вадкасць з саладкаватым пахам, tкіп 83,47 °C, шчыльн. 1253 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў этаноле, ацэтоне, бензоле, эфіры. Атрымліваюць простым ці акісляльным хлараваннем этылену. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці вінілхларыду, этылендыаміну, этыленгліколю, полісульфідных каўчукоў, як растваральнік, фумігант. Таксічны: выклікае псіхічныя расстройствы, галавакружэнне, ірвоту, пашкоджанне нырак, печані, ГДК (для пары) 10 мг/м³, у паветры населеных месцаў 1 мг/м³ (сярэднясутачная). Гл. таксама Галагенавытворныя вуглевадародаў.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)