ГАЛЮЦЫНАГЕ́НЫ (ад галюцынацыі + ...ген(ы)], псіхатаміметыкі, дызлептыкі, прыродныя і сінт. рэчывы, здольныя выклікаць у людзей разнастайныя псіхічныя парушэнні, у т. л. галюцынацыі. Паводле хім. будовы падзяляюцца на вытворныя фенілэтыламіну (адрэнахром, адрэналюцін, мескалін); вытворныя крыптаміну (дыэтыламід лізергінавай кіслаты, псілацыбін, буфатэнін); вытворныя дыбензіпірану (канаблоіды, або гашыш, — прэпараты з індыйскіх канапель); інш. хім. рэчывы (серніл і інш.). Прыродныя галюцынагены маюць расліннае паходжанне. Іх здабываюць з некаторых мекс. грыбоў і спарынні, кактусаў, канапель, каранёў магільніку, саломкі і каробачак маку і інш.; шэраг такіх алкалоідаў належыць да наркатычных сродкаў. Найб. вывучана дзеянне мескаліну і дыэтыламіду лізергінавай кіслаты (выклікаюць выразныя псіхічныя парушэнні са зрокавымі галюцынацыямі). На Беларусі лек. і навук. выкарыстанне галюцынагенаў забаронена.
Ф.М.Гайдук.
т. 5, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)