ПРЭФЕ́КТ (ад лац. praefectus начальнік),
1) адм. або ваен. пасада ў Стараж. Рыме, а таксама асоба, якая яе займае.
2) У шэрагу дзяржаў асобы ін-т прадстаўнікоў цэнтр. (Румынія) або рэгіянальнага (Расія) урада на месцах. Ін-т П. узнік у Францыі ў 1802, дзе да ліквідацыі яго ў 1982 у якасці прадстаўніка ўрада П. ажыццяўляў адм. нагляд за дзейнасцю органаў мясц. самакіравання і мясц. кіравання ў дэпартаментах. У Румыніі П. назначаюцца ў кожны павет і муніцыпію Бухарэст, дзе яны кіруюць службамі мін-ваў і інш. цэнтр. органаў у гэтых адм.-тэр. адзінках. У Расіі П. існуюць у Маскве, дзе назначаюцца мэрам для кіраўніцтва ў адм. акругах горада.
т. 13, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛА́НД, Роланд (Roland; ? — 15.8.778),
маркграф, прэфект Брэтонскай маркі. У час ісп. паходу Карла Вялікага ў 778 камандаваў атрадам брэтонцаў. Вызначыўся ў баі з баскамі ў Рансевальскай цясніне; загінуў, прыкрываючы адступленне франкаў цераз Пірэнеі. У эпічнай л-ры пра Карла Вялікага апісваецца як яго пляменнік і адзін з 12 паладзінаў (доблесны самаадданы рыцар). Стаў героем эпасу «Песня пра Раланда», паэм італьян. паэтаў канца 15 — пач. 16 ст. «Закаханы Раланд» М.Баярда, «Неўтаймаваны Раланд» Л.Арыёста.
т. 13, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЕ́Н ((Moulin) Жан) (20.6.1899, г. Безье, Францыя — 8.7.1943),
герой франц. Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1940 прэфект дэпартамента Эр і Луар, адхілены ад пасады ўрадам «Вішы». З 1941 чл. руху «Змагарная Францыя», прадстаўнік яго кіруючага органа Франц. нац. к-та (ФНК) у паўд. зоне краіны (са студз. 1942), ген. прадстаўнік ФНК па ўсёй Францыі (з лют. 1943). Заснавальнік і першы старшыня (з 27.5.1943) Нац. савета Супраціўлення. 21.6.1943 схоплены гестапаўцамі і закатаваны. У г. Шартр — помнік.
т. 11, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЯЛО́ВІЧ (Віюк-Каяловіч) Альберт
(Войцех; 1609, Ковенскі пав. — 6.10.1677),
гісторык, геральдык, рэліг. дзеяч Рэчы Паспалітай. У 1627 уступіў у ордэн езуітаў. У 1628—32 вучыўся ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у 1634—38 — у Віленскай акадэміі. У 1644—45 праф. палемічнай тэалогіі ў Браневе (Польшча). У 1645 атрымаў у Вільні ступень д-ра тэалогіі і да 1658 выкладаў у Віленскай акадэміі (у 1654—55 яе рэктар). У 1662—66 прэпазіт (настаяцель) дома манахаў у Вільні, намеснік правінцыяла ордэна езуітаў. З 1666 прэфект у Варшаўскім калегіуме. Гал. яго твор — «Гісторыя Літвы» (ч. 1—2, 1650—69, на лац. мове), у якім даследавана дахрысціянская гісторыя Літвы. У 1651 надрукаваў у Вільні твор «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў». Даследаваў генеалогію родаў Радзівілаў («Летапіс Радзівілаў». Вільня, 1653), Хадкевічаў і Сапегаў. Аўтар кнігі па гісторыі шляхты ВКЛ (захавалася ў 3 рэдакцыях на польск. і лац. мовах).
А.А.Семянчук.
т. 8, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ (Казімір) (3.1.1738, б. маёнтак Яшнец, цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.3.1807),
асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Беларусі і Літве. Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, Любяшоўскім навіцыяце, піярскім калегіуме ў Дубровіцы, з 1759 у Вільні і Рыме. З 1764 праф. і прэфект піярскага калегіума ў Дубровіцы, потым запрошаны ў Вільню. З 1773 у Германіі і Францыі. Працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Варшаве. Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя; лічыў, што чалавек здольны спасцігнуць ісціну, але для яе ўстанаўлення неабходны ўсебаковы і разнастайны падыход пры даследаванні з’яў. Адстойваў ідэю неабходнасці шырокай свецкай адукацыі, фарміравання развітой асобы, цесна звязанай з практычнымі патрэбамі грамадства і часу. У 1769 выдаў у Вільні першы падручнік логікі на польск. мове. Аўтар курса «Эклектычнай філасофіі» і рукапісаў на лац. мове. У 1773 разам з вучнямі выдаў «Выбраныя суджэнні з філасофіі».
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Дубровский В.В. Казимир Нарбут. Мн., 1979.
В.В.Краснова.
т. 11, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.
Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.
На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.
А.Ф.Самусік.
т. 12, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)