Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧЭ́ПЛІВАННЕ,
перасадка часткі (чаранка) або пупышкі расліны (прышчэпка) на інш. расліну (прышчэпу); спосаб вегетатыўнага размнажэння. Пры П. камбіі прышчэпы і прышчэпка павінны шчыльна сумяшчацца, потым яны зрастаюцца, утвараючы цэльны раслінны арганізм. Выкарыстоўваюць для размнажэння пладовых, ягадных, дэкар. раслін, зберажэння дрэў, кара якіх пашкоджана, стварэння карлікавых форм. Вядома да 400 спосабаў П.; найб. пашыраныя: акуліроўка (П. пупышкай), капуліроўка (пры аднолькавай таўшчыні прышчэпы і прышчэпка), П. ў расшчэп, за кару, у бакавы зарэз, мосцікам (калі прышчэпа таўсцейшая за чаранок) і інш.
Пры П. ў расшчэп прышчэпу зразаюць пад пянёк, робяць расшчэп, у які ўстаўляюць з процілеглых бакоў па чаранку (сочаць, каб супадалі камбіяльныя слаі). П. за кару робяць у перыяд веснавога актыўнага руху сокаў, калі адстае кара. На прышчэпе робяць вертыкальны разрэз кары і аддзяляюць яе краі ад драўніны. На ніжнім канцы прышчэпка робяць касы зрэз і ўстаўляюць яго ўнутр разрэзу кары прышчэпы. Пры П. ў бакавы зарэз дасягаецца больш трывалае замацаванне прышчэпы з прышчэпкам. Зразаюць надземную ч. прышчэпы, робяць касы (пад вуглом 20—25°) зарэз. На ніжняй ч.прышчэпка з процілеглых бакоў робяць 2 зрэзы і ўстаўляюць яго ў разрэз на прышчэпе, пры гэтым сумяшчаюць камбіяльныя слаі. П. мосцікам выкарыстоўваецца для лячэння пашкоджаных штамбаў. На ствале вышэй і ніжэй пашкоджанага ўчастка робяць Т-падобныя разрэзы кары. На чаранках (павінны быць крыху даўжэйшыя за адлегласць паміж разрэзамі) выдаляюць пупышкі, робяць канцавыя касыя зрэзы ў адной плоскасці. Устаўляюць у разрэзы ніжнія канцы чаранкоў, замацоўваюць, потым дугападобна выгінаюць чаранкі і ўстаўляюць у разрэзы іх верхнія канцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЛІРО́ЎКА (ад лац. copulare злучаць),
спосаб прышчэплівання раслін чаранком. Найб. пашыраны спосаб размнажэння пладовых дрэў і кустоў.
Пры простай К. (таўшчыня прышчэпы і прышчэпка да 1,5 см) на ніжніх канцах чарапка і галінкі робяць аднолькавыя па велічыні гладкія косыя зрэзы даўж. 3—4 см і накладваюць адзін на адзін так, каб іх камбіяльныя слаі супалі па ўсёй даўж. зрэзаў, шчыльна абвязваюць месца прышчэплівання плёнкай, цалкам закрываючы зрэзы. Верхні зрэз на прышчэпленым чаранку замазваюць садовым варам. Пры палепшанай К. сувязь прышчэпы з прышчэпкам больш трывалая, што дасягаецца з дапамогай язычкоў, якія робяцца на адлегласці 1/3 ад ніжняга канца зрэзу на прышчэпе і на чаранку. Іх шчыльна прыкладваюць адзін да аднаго такім чынам, каб чаранок прасунуўся ўніз па зрэзе на прышчэп і ніжні канец зрэзу на чаранку супаў з пачаткам косага зрэзу на прышчэпе; потым месца прышчэплівання апрацоўваюць, як і пры простай К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inoculatio прышчэпка),
увядзенне жывых мікраарганізмаў, інфіцыраванага матэрыялу, сывараткі і інш. рэчываў у тканкі раслін, жывёл або чалавека (а таксама ў пажыўнае асяроддзе). У лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць сінонім — пасеў, у сельскай гаспадарцы, біялогіі і медыцыне — заражэнне (напр., клубеньчыкавымі бактэрыямі насення бабовых раслін).