АМАРЫ́М ((Amorim) Энрыке) (25.7.1900, г. Сальта, Уругвай — 28.7.1960),
уругвайскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1920 (зб. вершаў «Дваццаць год»). Большасць твораў пра жыццё сялянства (трылогія «Арба», 1933, «Пасяленец Агіляр», 1934, «Конь і яго цень», 1941). Вострыя сац. канфлікты ўзняты ў раманах «Дзевяць месяцаў над Неўкенам» (1946), «Перамога не прыходзіць сама» (1952); у рамане «Вусце» (1958) спроба прасачыць усю гісторыю Уругвая. Аўтар паэт.зб. «Мая радзіма» (1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ПА́НА З ХЛО́ПАМ», «Размова пана з хлопам» («Як маешся, Сцяпане...»),
ананімны вершаваны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. антыпрыгонніцкага зместу. Упершыню апубл. М.Федароўскім у кн. «Люд беларускі» (т. 3, ч. 2, 1903). Відаць, «Гутарка...» з’явілася пасля скасавання паншчыны, бо селянін на пытанне пана, чаму яго жонка не прыходзіць у двор, дзе добра плацяць за работу, адказвае: «Ужо панскі хлеб дакучыў, як нас пан добра мучыў». Твор адрозніваецца ад традыц.бел. гутарак.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНАЕ ПАВЕ́ТРА,
паветраныя масы, якія фарміруюцца над Арктыкай. Характарызуюцца нізкімі т-рамі (да -55 ... -60 °C), малой колькасцю вільгаці і значнай празрыстасцю. Пранікае далёка на Пд (да Сярэдняй Азіі, Міжземнамор’я і паўд. раёнаў ЗША) і прыносіць рэзкія пахаладанні ў любую пару года. Адрозніваюць марское арктычнае паветра, што ў Еўропу прыходзіць праз незамярзаючыя Нарвежскае і ч. Баранцава м., і кантынентальнае, якое праходзіць над Карскім і ўсх.ч. Баранцавага мора. Арктычнае паветра ў атмасферы над Беларуссю бывае ў сярэднім 40—70 сут за год, з ім звязаны веснавыя і асеннія замаразкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́ГАВАЯ ТЭ́ХНІКА,
машыны, прылады, прыстасаванні, якія ў стараж. часы выкарыстоўвалі для прыкрыцця атакуючых, штурму і разбурэння ўмацаванняў. Уключала пераносныя і рухомыя (на катках) шчыты, вінеі, рухомыя аблогавыя вежы ў некалькі ярусаў з адкіднымі мосцікамі, штурмавыя драбіны, кідальныя машыны, тараны і інш. На Беларусі аблогавая тэхніка выкарыстоўвалася да 14—15 ст., калі на змену ёй стала прыходзіць аблогавая артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫ ФРОНТ,
лінія падзелу паміж арктычным паветрам і паветрам умераных шырот (палярным паветрам), паўд. мяжа арктычнай паветранай масы. Фарміруецца ў Арктыцы на Пн ад Еўропы і Паўн. Амерыкі паміж 60° і 75°паўн. ш. У залежнасці ад напрамку руху арктычнага фронту на адным з участкаў можа быць цёплым, на другім халодным, з ім звязана інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць. На тэр. Беларусі прыходзіць з ПнЗ (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — з Пн і ПнУ. На клімат Беларусі найб. уплываюць халодныя ўчасткі арктычнага фронту, якія выклікаюць ападкі, паўн. вятры, паніжэнне т-ры паветра, зімой — мяцеліцы. За год пад уплывам халоднага арктычнага фронту ў сярэднім бывае 21—24 дні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКІ (Юрый Восіпавіч) (12.6.1909, Масква — 29.5.1978),
рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1932). У 1932 арыштаваны і высланы з Масквы ў Алматы. Працаваў у музеі. У 1930—50-я г. правёў у лагерах і ссылках каля 18 гадоў. Гісторыя ў святле маральных праблем сучаснасці ў раманах «Дзяржавін» (кн. 1, 1939), «Малпа прыходзіць па свой чэрап» (1959), кн. «Смуглая лэдзі. Тры навелы пра Шэкспіра» (1969). Механізм таталітарызму ў СССР аналізуе ў аповесці «Хавальнік старажытнасцей» (1964) і яе працягу — рамане «Факультэт непатрэбных рэчаў» (Парыж, 1978, М., 1989). У вершах Д. — драм. вопыт ахвяры рэпрэсій. Аўтар паэмы «Каменны тапор» (1939).
Тв.:
Хранитель древностей: Роман. Новеллы. Эссе. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
фаза гіст. развіцця, якая прыходзіць на змену індустрыяльнаму грамадству. Характарызуецца трансфармацыяй усіх форм грамадскага жыцця на базе навук.-тэхн. рэвалюцыі; асаблівая роля адводзіцца інфармацыі, навуцы і кіраванню. Тэарэтычна абгрунтавана ў 1970-я г. ў працах амер. сацыёлагаў і палітолагаў Д.Бела, З.Бжазінскага (тэорыя тэхнатроннага грамадства), Р.Дарэндорфа (посткапіталіст. прамысл. грамадства), А.Тофлера (звышіндустр., інфарм. грамадства), франц. вучоных А.Турэна, Ж.Фурасцье і інш.Асн. прыкметы П.г.: стварэнне эканомікі паслуг, дамінаванне слоя навук.-тэхн. спецыялістаў, цэнтр. роля тэарэт. ведаў як крыніцы новаўвядзенняў і паліт. рашэнняў. На сучасным этапе развіцця П.г. вылучаюць неатэхнакратычную і гуманітарна-экалагічную пазіцыі, збалансаванасць якіх з’яўляецца гал. умовай развіцця грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ХРЫСТ,
у хрысціянскай міфалогіі і тэалогіі праціўнік Ісуса Хрыста, які павінен з’явіцца ў канцы гісторыі (гл.Эсхаталогія) і ўзначаліць скрытую татальную вайну супраць хрысціянства, але будзе пераможаны ў час 2-га прышэсця Хрыста на Зямлю. Прароцтвы антыхрыстаў ёсць у старазапаветных кнігах Бібліі, яго прыход сімвалічна апісаны і ў Новым Запавеце. Увасабляе даўнюю варожасць «анёлаў цемры» да хрысціянства, поўнае адмаўленне хрысц. веры і маралі. Антыхрыст уяўляецца магутным чалавекам, надзеленым дэманічнай сілай Д’ябла, які прыходзіць у зманлівым абліччы Хрыста. Паводле апостала Паўла, у царстве антыхрыста людзі будуць самалюбівыя, зламоўныя, абыякавыя да любові і дабра, нахабныя, больш палюбяць раскошу, чым Бога. Антыхрыст — увасабленне дэманічнага пачатку ў чалавеку і грамадстве, спроба ўсталяваць бязбожную ўладу над зямлёй і космасам. Міфу пра антыхрыста прысвечаны фрэскі Л.Сіньярэлі, гравюры Л.Кранаха Старэйшага; аблічча антыхрыста апісаў Сімяон Полацкі ў творы «Жазло праўлення» (1667) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, гатычны мінускул,
почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст.прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).
Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
газаразрадная прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, выхадны сігнал якой прапарцыянальны энергіі зарэгістраванай часціцы.
Зараджаная часціца пры праходжанні праз газ, які запаўняе П.Л., стварае на сваім шляху іон-электронныя пары, лік якіх залежыць ад энергіі, страчанай часціцай у газе. У адрозненне ад іанізацыйнай камеры анодная нітка П.л. мае малую таўшчыню (да 0,1 мм і менш), у выніку чаго электроны паблізу ад яе набываюць энергію, дастатковую для другаснай іанізацыі і на анод прыходзіць лавіна электронаў. Паводле энергет. раздзялення П.л. пераўзыходзіць сцынтыляцыйны лічыльнік, але саступае паўправадніковаму дэтэктару, аднак у адрозненне ад яго дазваляе працаваць у вобласці энергій, меншых за 1 кэВ У фізіцы высокіх энергій пашыраны прапарцыянальныя камеры, што налічваюць некалькі дзесяткаў тысяч П.л., далучаных да ЭВМ, якая запамінае і апрацоўвае інфармацыю. П.л. выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў, астрафізіцы, тэхніцы, медыцыне, геалогіі і інш.
Схема прапарцыянальнага лічыльніка: 1 — нітка-анод; 2 — акно; 3 — крыніца часціц; 4 — катод; 5 — крыніца высокага напружання; 6 — лічыльнік імпульсаў; а — вобласць дрэйфу электронаў, б — вобласць газавага ўзмацнення; R — супраціўленне нагрузкі.