ІРО́НІЯ (грэч. eirōneia літар. прытворства),

1) тонкая, прыхаваная насмешка. Адмаўленне або асмяянне, якім прытворна надаецца форма згоды або ўхвалення. Заснавана на іншасказанні, калі сапраўдны сэнс выказвання з’яўляецца процілеглым або адмаўляе яго.

2) У эстэтыцы від камічнага, калі смешнае прыхавана пад маскай сур’ёзнага (у процілегласць гумару). Утойвае ў сабе пачуццё перавагі або скептыцызму.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЬВЯРО́ВІЧ ((Zelwerowicz) Аляксандр) (14.8.1877, г. Люблін, Польшча —18.6.1955),

польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Дэбютаваў на сцэне ў 1896, працаваў пераважна ў Варшаве (Тэатр польскі, 1912—54, з перапынкамі), Лодзі і Кракаве. Быў дырэктарам т-раў у Лодзі, Варшаве, Вільні (1929—31, Тэатр на Пагулянцы). Выканаўца характарных роляў у камедыйным і драм. рэпертуары: Шамбелян («Пан Явяльскі» А.​Фрэдры), Дамазы («Пан Дамазы» Ю.​Блізінскага), Арган («Прытворна хворы» Мальера), Маёр («Фантазіі» Ю.​Славацкага), Парфірый («Злачынства і пакаранне» паводле Ф.​Дастаеўскага) і інш. Сярод пастановак: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1918), «Дзяды» А.​Міцкевіча (1915, 1927). Здымаўся ў кіно. Выкладаў у Драм. школе пры кансерваторыі, тэатр. ін-це, Вышэйшай тэатр. школе ў Варшаве. Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1951. Аўтар успамінаў «Гутаркі старога камедыянта» (1958).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬЦІ́НІС ((Miltinis) Юозас) (16.9.1907, в. Дабікіне, Шаўляйскага пав., Літва — 1994),

літоўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў тэатр. вучылішча ў Каўнасе (1931), тэатр. студыю ў Парыжы у Ш.​Дзюлена (1937). У 1937—38 вучыўся ў Лондане. У 1931—37 акцёр Шаўляйскага драм. т-ра, з 1938 кіраўнік тэатр. студыі ў Каўнасе, у 1940—80 (з перапынкам) маст. кіраўнік, гал. рэжысёр Панявежскага драм. т-ра. У 1954—59 рэжысёр Літ. кінастудыі. Творчасці ўласцівы імкненне да філас. інтэлектуальнай трактоўкі п’есы. Сярод пастановак: «Вальпоне» Б.​Джонсана (1941, іграў роль Вальпоне), «Рэвізор» М.​Гогаля (1946, 1978), «Прытворна хворы» Мальера (1950, роль Аргана), «Смерць коміваяжора» А.​Мілера (1958), «Іванаў» А.​Чэхава (1960), «Макбет» У.​Шэкспіра (1961), «Франк У» Ф.​Дзюрэнмата (1969), «Плюс не быў разумны» Ю.​Грушаса (1974), «Цар Эдып» Сафокла (1977).

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1624—1761 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. Звесткі пра першапачатковы рэпертуар не выяўлены. Вядома, што 10.4.1637 тэатр публічна паставіў драму «па-польску і па-руску», у якой «выразна было прадстаўлена пакутніцтва Хрыста...». Рэпертуар т-ра ўключаў: у 1681 масленічную драму «Не каралеўская прага каралеўства» на сюжэт з гісторыі Англіі, у 1685 лац. драму «Вянок мудрасці» на сюжэт са стараж.-рым. гісторыі, у канцы 17 ст. польск. драму «Містычнае прычасце невінаватых у жалю Караля і Фрэдэрыка» з бел. інтэрмедыйнымі ўстаўкамі, у 1713 панегірык «Вянец навучальнага года» на лац. і польск. мовах, прысвечаны С.​Янушэвічу, у 1715 панегірык «Жамчужына ў кароне ведаў» на лац. мове на сюжэт з твора П.​Скаргі, у 1729 панегірык «Юпітэр, прыкрыты арлом» на лац. і польск. мовах, прысвечаны М.​Радзівілу, у 1731 масленічную драму «Бурныя ў ап’яненні ахвяры Вакху» на лац. мове, у 1736 драму «Лацыум па-за Італіяй» на лац. мове на сюжэт з польск. гісторыі. Да пач. 1760-х г. дзейнасць т-ра прыпынілася. У 1761 паказаны 2 прадстаўленні на польск. мове: пераробка камедыі «Прытворна хворы» Мальера і трагедыя «Ушанаванне сапраўднага Бога, або Даніэль» (нап. выкладчыкам рыторыкі і паэтыкі М.​Ханецкім).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 127—148;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

В.​А.​Грыбайла.

т. 11, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР (МХАТ). Засн. ў 1898 К.Станіслаўскім і У.Неміровічам-Данчанкам як Маскоўскі Мастацкі тэатр

(МХТ) з аматараў Т-ва мастацтва і л-ры і выхаванцаў Муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1919 акадэмічны, з 1932 імя М.​Горкага. Ажыццявіў праграму абнаўлення т-ра, у т. л. рэпертуару, акцёрскага мастацтва, рэжысуры. Першы спектакль — «Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога (1898). Творчую накіраванасць т-ра вызначылі пастаноўкі наватарскіх п’ес А.​Чэхава («Чайка», 1898; «Дзядзька Ваня», 1899; «Тры сястры», 1901; «Вішнёвы сад», 1904) і М.​Горкага («Мяшчане», «На дне», абодва 1902). Першую трупу склалі акцёры В.​Кліпер-Чэхава, І.​Масквін, М.​Ліліна, М.​Андрэева, А.​Арцём, У.​Меерхольд і інш.; пазней у трупу ўвайшлі В.​Качалаў, Л.​Леанідаў. Сярод лепшых спектакляў МХТ «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1906),

«Сіняя птушка» М.​Метэрлінка (1908), «Месяц у вёсцы» І.​Тургенева (1909), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1911), «Прытворна хворы» Мальера (1913) і інш. У студыях МХТ (1-я з 1913, з 1924 — Маскоўскі Мастацкі тэатр другі; 2-я студыя з 1916; 3-я — з 1920; 4-я — з 1921) падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася паводле Станіслаўскага сістэмы. У 1920-я г. са студый і інш. тэатраў у трупу прыйшлі акцёры В.​Андроўская, М.​Балдуман, М.​Баталаў, А.​Георгіеўская, Б.​Дабранраваў, Н.​Зуева, М.​Кедраў, А.​Ктораў, Б.​Ліванаў, П.​Масальскі, М.​Прудкін, В.​Сганіцын, А.​Сцяпанава, А.​Тарасава, В.​Тапаркоў, М.​Тарханаў, М.​Хмялёў, К.​Яланская, М.​Яншын і інш.; рэжысёры Б.​Вяршылаў, М.​Гарчакоў, І.​Судакоў. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы М.​Булгакава, У.​Іванава, К.​Транёва, А.​Карнейчука, В.​Катаева, Л.​Лявонава і інш. Новае вытлумачэнне набыла класічная рус. і замежная драматургія. У Вял. Айч. вайну ставіліся п’есы Карнейчука, К.​Сіманава, А.​Крона. Сярод спектакляў 1950—60-х г. — «Плады асветы» Л.​Талстога, «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера, «Залатая карэта» Лявонава, «Мілы лгун» Дж.​Кілці і інш. У 1960-я г. т-р знаходзіўся ў крызісе. З 1970 гал. рэж. А.​Яфрэмаў. Пастаўлены п’есы «Апошнія» М.​Горкага (1971), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (з А.​Васільевым, 1973), «Іванаў» (1976), «Чайка» (1980) і «Дзядзька Ваня» (1985) Чэхава, а таксама п’есы А.​Гельмана, М.​Рошчына, М.​Шатрова, А.​Мішарына. У т-ры працавалі І.​Смактуноўскі, А.​Калягін, Т.​Дароніна, А.​Папоў, А.​Мягкоў, Т.​Лаўрова, Я.​Еўсцігнееў, К.​Васільева, А.​Табакоў і інш. У 1980-я г. найб. значныя спектаклі пастаўлены рэжысёрамі А.​Эфрасам, Л.​Додзіным, М.​Разоўскім, К.​Гінкасам і інш. У 1987 т-р падзяліўся на 2 трупы: пад маст. кіраўніцтвам Яфрэмава (з 1989 МХАТ імя Чэхава) і Даронінай (МХАТ імя М.​Горкага). На Беларусі працавалі рэжысёры МХАТ: І.​Раеўскі (пастаноўкі ў бел. т-рах імя Я.​Коласа і Я.​Купалы), Судакоў (гал. рэж. Бел. т-ра імя Я.​Купалы ў 1952—55). З 1923 існуе музей МХАТ. З 1943 працуе Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)