ЗЕЛЬВЯРО́ВІЧ (Zelwerowicz) Аляксандр

(14.8.1877, г. Люблін, Польшча —18.6.1955),

польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Дэбютаваў на сцэне ў 1896, працаваў пераважна ў Варшаве (Тэатр польскі, 1912—54, з перапынкамі), Лодзі і Кракаве. Быў дырэктарам т-раў у Лодзі, Варшаве, Вільні (1929—31, Тэатр на Пагулянцы). Выканаўца характарных роляў у камедыйным і драм. рэпертуары: Шамбелян («Пан Явяльскі» А.Фрэдры), Дамазы («Пан Дамазы» Ю.Блізінскага), Арган («Прытворна хворы» Мальера), Маёр («Фантазіі» Ю.Славацкага), Парфірый («Злачынства і пакаранне» паводле Ф.Дастаеўскага) і інш. Сярод пастановак: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1918), «Дзяды» А.Міцкевіча (1915, 1927). Здымаўся ў кіно. Выкладаў у Драм. школе пры кансерваторыі, тэатр. ін-це, Вышэйшай тэатр. школе ў Варшаве. Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1951. Аўтар успамінаў «Гутаркі старога камедыянта» (1958).

Н.К.Мазоўка.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)