Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ЖНЫ ПАВЕ́РАНЫ,
афіцыйнае найменне адвакатаў у Расійскай імперыі. Уведзены суд. рэформай 1867. П.п. магла быць асоба з вышэйшай юрыд. адукацыяй і практычным стажам работы ў якасці памочніка П.п. або суд. работы. П.п. складалі самакіруючыя карпарацыі, нагляд за дзейнасцю якіх ажыццяўлялі саветы П.п. і суд. палаты, а з 1874 акр. суды (там, дзе саветы П.п. не былі створаны). Гл. таксама Прыватны павераны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РАНСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (4.5.1881, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 11.6.1970),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярб.ун-т (1904). Адвакат (прысяжны павераны). У час рэвалюцыі 1905—07 прымыкаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Набыў вядомасць як абаронца ў час паліт. судовых працэсаў і як кіраўнік камісіі па расследаванні падзей Ленскага расстрэлу 1912 у 3-й Дзярж. думе. У 4-й Дзярж. думе старшыня фракцыі трудавікоў. З сак. 1917 чл. Часовага ўрада: міністр юстыцыі (сак.—май), ваен. і марскі міністр (май—вер.), з 8(21).7.1917 міністр-старшыня (прэм’ер), з 30 жн. (12 вер.) і вярх. галоўнакамандуючы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 арганізатар (разам з ген. П.М.Красновым) антыбальшавіцкага выступлення 26—31.10(8—13.11).1917. З чэрв. 1918 у эміграцыі: жыў у Берліне, Парыжы, з 1940 у ЗША. Складальнік і рэд. шэрагу дакумент. публікацый па гісторыі рас. рэвалюцыі, аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — Россия на историческом повороте: Мемуары. М., 1993.