КЕ́РАНСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (4.5.1881, г. Сімбірск, цяпер Ульянаўск, Расія — 11.6.1970),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярб.ун-т (1904). Адвакат (прысяжны павераны). У час рэвалюцыі 1905—07 прымыкаў да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Набыў вядомасць як абаронца ў час паліт. судовых працэсаў і як кіраўнік камісіі па расследаванні падзей Ленскага расстрэлу 1912 у 3-й Дзярж. думе. У 4-й Дзярж. думе старшыня фракцыі трудавікоў. З сак. 1917 чл. Часовага ўрада: міністр юстыцыі (сак.—май), ваен. і марскі міністр (май—вер.), з 8(21).7.1917 міністр-старшыня (прэм’ер), з 30 жн. (12 вер.) і вярх. галоўнакамандуючы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 арганізатар (разам з ген. П.М.Красновым) антыбальшавіцкага выступлення 26—31.10(8—13.11).1917. З чэрв. 1918 у эміграцыі: жыў у Берліне, Парыжы, з 1940 у ЗША. Складальнік і рэд. шэрагу дакумент. публікацый па гісторыі рас. рэвалюцыі, аўтар мемуараў.
Тв.:
Рус.пер. — Россия на историческом повороте: Мемуары. М., 1993.