АЦЫДО́З (ад лац. acidus кіслы),
парушэнне кіслотна-шчолачнай раўнавагі ў арганізме, якое характарызуецца абсалютным або адносным лішкам кіслот. Часцей узнікае абменны, або нягазавы, ацыдоз пры вял. колькасці ў арганізме нелятучых кіслот (пры некаторых захворваннях печані, нырак, дыябеце) ці пры страце шчолачных злучэнняў (пры працяглай ірвоце, паносе). Дыхальны, або газавы, ацыдоз узнікае пры затрымцы вуглякіслага газу лёгкімі (прыступ астмы, цяжкая задышка). Адрозніваюць кампенсаваны ацыдоз, калі назіраецца зніжэнне шчолачнай рэакцыі крыві і тканак без значнага павышэння іх кіслотнасці, і некампенсаваны, пры якім кіслотнасць значна павышаецца. Лячэнне: ліквідацыя прычыны ўзнікнення ацыдозу, а таксама выкарыстанне соды і шчолачнай мінер. вады.
т. 2, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КЛЮШ (ад франц. coqueluche кашаль),
вострая інфекц. хвароба з прыступамі спазматычнага кашлю. Найчасцей хварэюць дзеці. Узбуджальнік — палачка Бардэ-Жангу (апісаны ў 1906 бельг. бактэрыёлагам Ж.Бардэ і франц. О.Жангу). Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Пасля хваробы развіваецца імунітэт.
Інкубацыйны перыяд 2—15 дзён. Нетыповы «назойлівы» кашаль праз 2—3 тыдні пераходзіць у прыступападобны з глыбокім свістам пасля 2—3 кашлевых штуршкоў (рэпрызы). Прыступ канчаецца выдзяленнем вязкай празрыстай макроты з ірвотай. Твар хворага робіцца адутлаватым, павекі ацёчнымі, бывае кровазліццё ў скуру. кан’юнктыву вачэй, тоўшчу павекаў. Ускладненні: пашкоджанне лёгкіх (пнеўманія, эмфізема, пнеўматоракс), нерв. сістэмы (да кровазліцця ў мозг) і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.А.Астапаў.
т. 8, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛІКА [ад грэч. kōlikē (nosos) кішачная хвароба],
прыступ рэзкіх схваткападобных боляў у брушной поласці і забрушыннай прасторы. Адрозніваюць К. пячоначную і нырачную (найчасцей бывае пры камянях, гл. Жоўцекамянёвая хвароба), апендыкулярную (гл. Апендыцыт), кішачную (пры калавых камянях, некат. хваробах), панкрэатычную (гл. Панкрэатыт) і інш. Болі пры К. абумоўлены спазмам кругавых мышцаў сценак кішак, жоўцевых шляхоў, мачавых праток і інш. Бывае пры расцяжэнні ўчасткаў кішэчніка газамі. Суправаджаецца ірвотай, дрэнным агульным станам. У жывёл адрозніваюць К. сапраўдную (пры хваробах страўніка і кішак) і несапраўдную (пры некат. заразных хваробах, паталогіі печані, мачавога пузыра і інш.). Лячэнне: ліквідацыя прычыны асн. хваробы, што выклікае К., абязбольвальныя сродкі.
т. 8, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)