МАРСКО́Е ДНО (прававы рэжым),
глыбакаводнае марское дно, якое размешчана па-за знешнімі межамі кантынент. шэльфа. Прынцыпы і нормы міжнар. прававога рэжыму М.д. вызначаны Канвенцыяй ААН па марскім праве 1982. Паводле Канвенцыі, агульныя паводзіны дзяржаў у адносінах да гэтага раёна павінны адпавядаць яе палажэнням, прынцыпам Статута ААН і інш. нормам міжнар. права ў інтарэсах падтрымання міру і бяспекі і садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Прававы рэжым М.д. не закранае прававога статуса вод, якія яго пакрываюць, і паветр. прасторы над ім. Канвенцыя абвясціла М.д. агульнай спадчынай чалавецтва. Ні адна дзяржава не можа прэтэндаваць на суверэнітэт або суверэнныя правы ці ажыццяўляць іх у адносінах нейкай часткі гэтага раёна М.д. або яго рэсурсаў, ні адна дзяржава, фіз. або юрыд. асоба не можа прысвойваць ніякую частку дадзенага раёна і яго рэсурсы. Гл. таксама Марское права.
т. 10, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ «ПАХО́ЖЫЯ»,
«людзі вольныя», феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ у 15—1-й пал. 17 ст., якія карысталіся правам вольнага пераходу ад аднаго феадала да другога і не былі прымацаваны да зямлі, як айчызныя людзі, людзі «непахожыя» або чэлядзь нявольная. Лічыліся асабіста вольнымі. У 15 ст. Л.«п.» складалі найб. групу сялянства. У актах 16 ст. Л.«п.» называюцца таксама людзьмі прыбылымі, «прыхожымі». Пераходзячы да інш. землеўладальніка, Л.«п.» павінны былі выплаціць грашовы эквівалент усіх павіннасцей, выканаць умовы «выхаду» і папярэдзіць пра гэта землеўладальніка. Л.«п.» маглі ўзяць з сабой сваю маёмасць. Феадал не меў права затрымліваць выхад Л.«п.» ці прысвойваць іх рухомыя рэчы («дамовыя статкі»). Колькасць Л.«п.» скарачалася па меры ўзмацнення паліт. правоў шляхты. У Статутах ВКЛ 1529 і 1566 тэрмін даўнасці, паводле якога «пахожы» селянін траціў права пераходу і станавіўся «непахожым», не быў агавораны, хоць у Статуце ВКЛ 1529 прыводзіцца 10-гадовы тэрмін земскай даўнасці. Гэты артыкул Статута феадалы Беларусі і дзярж. апарат выкарыстоўвалі, каб запрыгоніць Л.«п.», што пражылі ў іх маёнтках больш за 10 гадоў. Статут ВКЛ 1588 канстатаваў узмацненне працэсу запрыгоньвання Л.«п.». «Пахожы» селянін мог пайсці ад феадала, толькі адпрацаваўшы льготныя гады або заплаціўшы па 6 грошаў за льготны тыдзень. Калі ж «пахожы» селянін прабыў («засидел») у пана 10 гадоў, то незалежна ад таго, атрымліваў ад шляхціца дапамогу ці не, ён пазбаўляўся права пераходу і разам з дзецьмі пераводзіўся ў становішча отчыча. Ён мог адкупіцца, аддаўшы пану 10 коп грошаў і выплаціўшы атрыманую ад пана дапамогу. Але заплаціць такія грошы селянін фактычна не меў магчымасці. Збеглых Л.«п.» феадалы адшуквалі ўжо як отчычаў. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. «пахожыя» і «непахожыя» сяляне зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.
А.П.Грыцкевіч.
т. 9, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)