ЗАЛО́ЖНІКІ,
асобы, проціпраўна затрыманыя сілай з мэтай прымусіць дзяржаву, арганізацыю ці інш. асоб выканаць пэўныя дзеянні ці абавязкі. У міжнар. праве — грамадзяне захопленай ворагам краіны, якія неправамерна ўтрымліваюцца акупац. ўладамі пад пагрозай іх знішчэння, калі насельніцтва акупіраванай тэрыторыі не выканае патрабаванняў акупац. улад. Жэнеўская канвенцыя 1949 аб ахове грамадз. насельніцтва ў час вайны забараняе захоп З. і разглядае такія дзеянні як міжнар. злачынствы.
т. 6, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНАЯ БЛАКА́ДА,
адзін з відаў эканам. блакады краіны або групы краін з боку інш. краін або міжнар. фінансава-крэдытных арг-цый, які заключаецца ў адмове ад прадастаўлення крэдытаў. Выкарыстоўваецца з мэтай перашкодзіць яе эканам. развіццю і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні (абавязацельствы), у т. л. і палітычныя. К.б. можа ўжывацца і ў адносінах да асобных прадпрыемстваў або іх груп унутры краіны.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1827,
пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй. Падпісана 6 ліп. ў Лондане. Прадугледжвала калект. дзеянні супраць Турцыі з мэтай прымусіць яе спыніць вайну супраць грэкаў, даць Грэцыі аўтаномію на ўмовах выплаты султану штогадовай даніны. Тур. ўлады адхілілі гэтыя прапановы. У выніку 20 кастр. аб’яднаная англа-франка-рус. эскадра ў Наварынскай бітве 1827 разграміла тур.-егіп. флот. Умовы Л.к. былі выкананы толькі пасля рус.-тур. вайны 1828—29 (гл. Адрыянопальскі мірны дагавор 1829).
т. 9, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н, лесавік,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вял. вачыма, у звярынай шкуры. Л. мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама наганяць на чалавека страху, прымусіць яго блукаць на адным месцы. Вобраз Л. страціў рэліг. значэнне ў пач. 20 ст.
М.Ф.Піліпенка.
т. 9, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКО́Т (англ. boycott),
1) поўная ці частковая адмова ад падтрымання адносін з пэўнай асобай, арг-цыяй ці дзяржавай, каб прымусіць іх задаволіць тыя ці інш. эканам. або паліт. патрабаванні. Можа ажыццяўляцца і па рашэнні Савета Бяспекі ААН.
2) Адмова ад выканання функцый ці ад карыстання пэўнымі правамі ці чыімі-н. паслугамі з тымі ж мэтамі (адмова ад удзелу ў выбарах, адмова рабочых наймацца на работу да прадпрымальніка як пратэст супраць яго дзеянняў і гэтак далей).
3) У пераносным сэнсе — спыненне адносін з пэўнай асобай у знак пратэсту.
т. 2, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКА́ДА (англ. blockade),
1) у міжнародных адносінах сістэма мер эканам., паліт. ці ваен. характару супраць якой-небудзь дзяржавы з мэтаю перапыніць яе сувязі са знешнім светам і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні. Паліт. блакада можа ажыццяўляцца скасаваннем дыпламат. адносін, пазбаўленнем краіны членства ў пэўнай арг-цыі і інш. Эканам. блакада ажыццяўляецца спыненнем (забаронай) знешнегандл., фін., крэдытных і інш. эканам. сувязяў з мэтаю прычыніць шкоду эканоміцы блакіруемай дзяржавы, пазбавіць яе крыніц сыравіны і рынкаў збыту тавараў. Ваен. (марская) блакада выкарыстоўваецца ў мірны час супраць краіны — парушальніцы нормаў міжнар. права. Статут ААН дапускае ўвядзенне блакады як калект. меры для падтрымання ўсеагульнага міру толькі па рашэнні Савета Бяспекі.
2) Блакада ваенная ў час вайны — форма вядзення ваен. дзеянняў, накіраваных на ізаляванне варожага аб’екта (групоўкі войскаў, горада, дзяржавы і інш.) праз парушэнне яго знешніх сувязяў на сушы, у паветры і на моры; яе мэта — падарваць ваенна-эканам. магутнасць дзяржавы, аслабіць яе ўзбр. сілы, прымусіць праціўніка да капітуляцыі або разграміць і захапіць аб’ект блакады. На Беларусі блакада ваенная выкарыстоўвалася агрэсарам для авалодання ўмацаванымі крэпасцямі (блакада Бабруйскай крэпасці франц. войскамі ў 1812). Самымі вялікімі блакадамі былі кантынентальная блакада, якую праводзіў Напалеон I супраць Англіі на пач. 19 ст., марская блакада Вялікабрытаніі Германіяй і блакада Германіі яе праціўнікамі ў 1-ю сусв. вайну. У 2-ю сусв. вайну пераважалі блакады змешаныя (блакада Ленінграда ням.-фаш. войскамі ў 1941—43, блакада сав. войскамі ням.-фаш. групоўкі пад Сталінградам у 1942—43 і інш.). Тэарэтыкі не выключаюць выкарыстання блакады і ў сучасных умовах.
т. 3, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала з чэрв. 1942 да канца 1943 у Мінску. Створана ням.-фаш. акупац. ўладамі з дапамогай калабарацыяністаў. У склад прэзідыума БНТ уваходзілі І.Ермачэнка
(старшыня),
В.Іваноўскі, Ф.Юрда (намеснікі), Г.Касяк (вучоны сакратар), члены т-ва А.Адамовіч, П.Свірыд і інш.; «ганаровы прэзідэнт» — ген. камісар Беларусі В.Кубэ. Т-ва мела на мэце сабраць усе навук. кадры, што па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, і прымусіць іх працаваць на акупантаў. Аднак на працягу года дзейнасць БНТ плёну не дала. У чэрв. 1943 зноў абвешчана аб адкрыцці т-ва. Яго прэзідэнтам стаў Іваноўскі, намеснікамі — Лыноўскі і Масевіч. Ад бел. вучоных, якіх пад пагрозай рэпрэсій гітлераўцы сагналі на ўстаноўчы сход т-ва, патрабавалася распрацоўваць навук. тэмы, зыходзячы з задач ваен. часу. Перастала існаваць у выніку байкоту і супраціўлення вучоных.
М.У.Токараў.
т. 2, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1357—58 (часам датуецца 1356—58),
паўстанне гараджан Парыжа з-за павелічэння падаткаў у час Стогадовай вайны 1337—1453. Незадаволенасць гараджан палітыкай урада асабліва ўзрасла ў выніку паражэння франц. войск каля Пуацье (1356). У лют.—сак. 1357 у Парыжы пачаліся хваляванні. Скліканыя ў 1357 Ген. штаты (апазіцыю ўрада ўзначаліў купецкі прэво Парыжа Э.Марсель) выпрацавалі т.зв. Вялікі сакавіцкі ардананс, які патрабаваў удзелу Ген. штатаў у кіраванні дзяржавай, рэгулярнага іх склікання (2 разы на год) для вырашэння найважнейшых спраў, у т. л. кантролю над збіраннем падаткаў, расходаваннем дзярж. сродкаў, дзейнасцю каралеўскага савета, арміі. Каб прымусіць дафіна Карла правесці рэформы, паўстанцы на чале з Марселем захапілі каралеўскі палац, забілі 2 саветнікаў Карла. Дафін уцёк з Парыжа, выдаў загад аб забароне пастаўляць у горад харчаванне. Для прарыву галоўнай блакады Парыжа Марсель выкарыстаў удзельнікаў Жакерыі. Аднак парыжане не аказалі ім дапамогі. Разгром Жакерыі паскорыў паражэнне П.п. У ліп. 1358 паўстанне задушана. Марсель забіты сваім прыхільнікам.
т. 12, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ПЛАН ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ 1823,
першая ў гісторыі дзекабрысцкага руху спроба ўзняць узбр. паўстанне з мэтай зрабіць дзярж. пераварот. Распрацаваны ў маі 1823 кіраўнікамі Васількаўскай управы Паўд. т-ва падпалк. Чарнігаўскага пях. палка С.І.Мураўёвым-Апосталам, прапаршчыкам Палтаўскага пях. палка М.П.Бястужавым-Руміным, палк. Аляксопальскага пях. палка І.С.Павала-Швяйкоўскім і капітанам 18-га егерскага палка В.С.Норавым. Паўстанне меркавалася пачаць у Бабруйску, дзе была раскватаравана 9-я пях. дывізія (Чарнігаўскі і Палтаўскі палкі) 3-га пях. корпуса 1-й арміі, скарыстаўшы прыезд у горад для агляду войскаў імператара Аляксандра I (прымусіць яго падпісаць адрачэнне і прыняць канстытуцыю). Выступленне ў Бабруйску павінна было стаць сігналам для паўстанняў у Маскве, Пецярбургу, 2-й арміі. Арганізатары спрабавалі заручыцца згодай і падтрымкай Паўд. і Паўн. т-ваў дзекабрыстаў, але атрымалі адмову. У вер. 1823 Бястужаў-Румін вёў перагаворы ў Вільні аб узгадненні дзеянняў з прадстаўніком Літ. правінцыяльнага савета польскага Патрыятычнага т-ва К.Радзівілам і віленскай рэв. моладдзю (у т. л., магчыма, з А.Міцкевічам), але дамоўленасці не былі рэалізаваны з-за праведзеных у Вільні арыштаў. Без падтрымкі інш. рэв. арг-цый выступленне ў Бабруйску не мела сэнсу. Няўдача з ажыццяўленнем гэтага плана прымусіла ўсвядоміць неабходнасць сувязі паўстання на перыферыі з цэнтрам, аб’яднання сіл Паўн. і Паўд. т-ваў, выпрацоўкі агульнага плана дзеянняў.
Літ.:
Гл. пры арт. Дзекабрысты.
В.В.Швед.
т. 2, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РСКІ КАНФЛІ́КТ 1922—23,
міжнародны канфлікт у сувязі з франка-бельг. акупацыяй Рурскай вобл. Германіі. Выкліканы праблемай спагнання з Германіі рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны і прэтэнзіямі Францыі на гегемонію ў тагачаснай Еўропе. Яшчэ ў 1921 франц. і бельг. войскі акупіравалі рурскія гарады Дзюсельдорф і Дуйсбург, каб прымусіць герм. ўрад прыняць Лонданскі ультыматум ад 5.5.1921, які ўстанавіў суму рэпарацый у 132 млрд. залатых марак. Германія прыняла ультыматум, але выконвала яго толькі год. 11.12.1922 апублікавана заява ням. магната Г.Стынеса, з якой вынікала, што герм. ўрад не павінен плаціць рэпарацыі. У адказ на невыкананне Германіяй яе рэпарацыйных абавязацельстваў франц. ўрад на чале з Р.Пуанкарэ вырашыў завалодаць т.зв. прадуктыўнымі закладамі — шахтамі Рурскага вугальнага басейна і сталеліцейнай прам-сцю Рура; 11.1.1923 франц. і бельг. войскі акупіравалі ўвесь Рур. Гэта акупацыя пазбавіла Германію больш як 70% здабычы каменнага вугалю і звыш 50% вытв-сці чыгуну, прывяла да паглыблення крызісу яе гаспадаркі (інфляцыя, развал вытв-сці, масавае беспрацоўе, галеча насельніцтва). Герм. ўрад на чале з В.Кунам заклікаў жыхароў Рура да «пасіўнага супраціўлення» і сабатажу. Акупац. ўлады выселілі з Рура ў Германію каля 130 тыс. чал., штрафавалі, каралі смерцю. Восенню 1923 новы герм. ўрад Г.Штрэземана спыніў кампанію «пасіўнага супраціўлення», у канфлікт умяшаліся Вялікабрытанія і ЗША. Пасля прыняцця Даўэса плана франц. і бельг. войскі ў жн. 1924 — жн. 1925 выведзены з Рура.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)