Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1563,
заканадаўчы акт, якім фармальна былі ўраўнаваны ў паліт. правах правасл. феадалы ВКЛ з феадаламі-католікамі. Выдадзены на бел. мове вял.кн.ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам II Аўгустам 7.6.1563 на Віленскім сейме. Тэкст прывілея ў якасці прэамбулы ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Прывілеем устаноўлена, што правасл. шляхціцы, як і католікі, могуць займаць розныя дзярж. пасады. Было засведчана, што дыскрымінацыйныя адносна правасл. шляхты ВКЛ нормы Гарадзельскага прывілея 1413 фактычна і раней не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілея 1434 і прывілея 1447). Таму Віленскі прывілей 1563 меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае, і быў выдадзены з мэтай паліт. кансалідацыі шляхты пасля няўдач у Лівонскай вайне 1558—83, у час правядзення валочнай памеры, напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й,
прывілей, абвешчаны вял.кн.ВКЛ Жыгімонтам II Аўгустам 1.7.1564 на сойме ў г. Бельск Падляшскага ваяв. Паводле Бельскага прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах суд. органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Духоўныя суды (каталіцкія і праваслаўныя) захоўваліся. Абвяшчалася роўнасць шляхты перад законам. Нормы Бельскага прывілея ўвайшлі ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
граматы, якія вызначалі дзярж.-прававое становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ. Рэгулявалі ўнутранае жыццё, гарантавалі правы і прывілеі полацкага баярства, духавенства і мяшчан (гл.Полацкае права). Прывілей, выдадзены ў 1-й пал. 14 ст., не збярогся і адноўлены паводле пацвярджальнага прывілея 1511. Ён змяшчаў пагадненне полацкіх феадалаў і мяшчан са сваім удзельным князем. У 1399 Вітаўт выдаў прывілей, паводле якога абмежаванні ўлады ўдзельнага князя пераносіліся на велікакняжацкую ўладу. Прывілей Жыгімонта Кейстутавіча, выдадзены паміж 1436—40, пацвердзіў ранейшыя П.п. Прывілей 1451, выдадзены Казімірам IV Ягелончыкам, дадаткова гарантаваў юрыд. і маёмасныя правы палачан. Пры вял.кн. Аляксандру П.п. пацверджаны і дапоўнены новымі артыкуламі, што было звязана з наданнем Полацку 7.10.1498 прывілея на магдэбургскае права. Канчаткова становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ аформлена пацвярджальным прывілеем Жыгімонта I ад 23.7.1511. Наступныя пацвярджальныя прывілеі выдаваліся ў 1547, 1580, 1593, 1634.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
устаўныя граматы вял. князёў ВКЛ Віцебскай зямлі, якія фіксавалі нормы віцебскага права. Першы прывілей Віцебску дадзены ў 1390-я г. Вітаўтам. Прывілей 1503 Аляксандра, які захаваўся, быў пацвярджэннем папярэдняга прывілея 1444 Казіміра IV. Прывілей 1503 пацвярджалі граматамі вял. князі ВКЛ у 1509, 1541, 1547, 1561. За Віцебскае паўстанне 1623 Віцебск да 1641 быў пазбаўлены магдэбургскага права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСТО́Я»,
прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ: на чырвоным полі 2 залатыя месяцы рагамі ў розныя бакі, паміж месяцамі меч без похвы, рукаяткай уверх; клейнод — на прылбіцы 5 страусавых пёраў. Паводле паданняў, узнік на пач. 11—12 ст. На тэр.ВКЛ пашыраны пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413. Гербам «Астоя» карысталіся больш за 200 шляхецкіх родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́РЧАК»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 270 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Баратынскія, Браніцкія, Есьманты, Заранкі, Іллінічы, Катовічы, Мялешкі, Млечкі. Мае ў чырв. полі тры папярочныя сярэбраныя бэлькі, якія звужаюцца да нізу. Клейнод — над прылбіцай з каронай у залатой чары палова сярэбранага сабакі. У Польшчы вядомы з канца 14 ст. Паводле Я.Длугаша, герб утвораны каралём Людвікам I; ён дадаў тры бэлькі, якія выцеснілі сабаку з тарчы ў клейнод. У ВКЛ пашырыўся пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПРА́ВА,
сістэма юрыд. нормаў, якая замацавала аўтаномныя правы Віцебскай зямлі ў складзе ВКЛ, а таксама рэгламентавала прававое становішча насельнікаў гэтай зямлі. Было зафіксавана прывілеямі 1503 і 1561 вял. князёў Аляксандра і Жыгімонта Аўгуста, таму што ранейшыя віцебскія прывілеівял. князёў былі страчаны. Нормы Віцебскага права выпрацаваны яшчэ ў часы Віцебскага княства. Князі, якія ўступалі на віцебскі прастол, абавязаны былі даць згоду правіць паводле Віцебскага права, што фіксавалася дагаворам. Пасля далучэння Віцебскага княства да ВКЛ нормы Віцебскага права без значных змен гарантаваліся вял. князямі ВКЛ. Паводле прывілея 1503 ваявода прызначаўся толькі са згоды віцяблян, судзіць і караць апошніх належала ў Віцебску. Прывілеі 1503 і 1561 разам з інш.абл. прывілеямі сталі крыніцамі Статутаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАКУМЕ́НТЫ, ШТО ТЛУМА́ЧАЦЬ ГІСТО́РЫЮ ЗАХОДНЯРУ́СКАГА КРА́Ю», «Документы, объясняющие историю Западно-Русского края и его отношения к России и к Польше»,
зборнік дакументаў, выдадзены ў 1865 Археаграфічнай камісіяй у С.-Пецярбургу. Падрыхтаваны ў сувязі з паўстаннем 1863—64, разлічаны на замежнага чытача і мае выключна паліт. характар. Дакументы надрукаваны на мове арыгінала і ў перакладзе на франц. мову. Паводле слоў рэдактара і аўтара прадмовы М.В.Каяловіча, мэта зборніка — даказаць, што «заходнярускі край» быў рускім, а не польскім. Публікацыя дакументаў пачынаецца з прывілея караля Ягайлы, дадзенага ў 1387 віленскаму біскупу. Большасць змешчаных дакументаў была апублікавана раней. Сярод надрукаваных упершыню ўрыўкі з дзённіка Люблінскага сейма 1569, крыніцы з архіва уніяцкіх мітрапалітаў.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСО́ЧНАЕ,
вёска ў Слабада-Кучынскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. на левым беразе р. Нёман. Цэнтр саўгаса. За 26 км на Пн ад г. Капыль, 93 км ад Мінска, 37 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 620 ж., 269 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як мястэчка Капыльскага княства ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, з 17 ст. — Радзівілаў. Паводле прывілея Жыгімонта II Аўгуста Алелькавічам мяшчане П. карысталіся правам «людзей вольных». З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв., з 1793 у Рас. імперыі ў Магільнянскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1849 мела паромную пераправу, прыстань, 2 млыны, склады для лесаматэрыялаў, існаваў выраб лёгкіх суднаў («шугалеяў»). У пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав. З 1924 вёска, да 1963 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.