ГОМАЛАГІ́ЧНЫХ РАДО́Ў ЗАКО́Н зменлівасці,

паралелізм у спадчыннай зменлівасці роднасных груп арганізмаў. Сфармуляваны М.І.Вавілавым (1920) на падставе вывучэння зменлівасці прыкмет у відаў і родаў злакаў і інш. сямействаў культ. раслін сусв. генафонду. Паводле гомалагічных радоў закону, чым бліжэй па паходжанні віды паміж сабой, тым большае падабенства (гамалогія) у зменлівасці іх прыкмет. Гэтыя заканамернасці даюць магчымасць прадказаць існаванне ў прыродзе адпаведных формаў ці прадбачыць магчымасць атрымліваць іх штучна. Выкарыстоўваючы гомалагічных радоў закон, Вавілаў выявіў цэнтры паходжання культ. раслін, дзе сканцэнтравана найб. разнастайнасць спадчынных формаў. Прыкладам практычнага выкарыстання гомалагічных радоў закону ў селекцыі з’яўляецца стварэнне аднанасенных сартоў цукр. буракоў. Гомалагічных радоў закон пацверджаны ў мікраарганізмах і жывёлах, у якіх вызначаны паралелізм зменлівасці марфал. і біяхім. прыкмет.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),

1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.

2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.

3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл. Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб. яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАКС, клімактэрый (ад грэч. klimax лесвіца),

1) перыяд пераходу ад палавой сталасці да пажылога ўзросту ў чалавека і малп. У большасці жывёл амаль не выяўлены (пасля згасання палавой функцыі яны хутка драхлеюць і гінуць). У жанчын К. настае ва ўзросце 45—55 гадоў, у мужчын — 50—60. Звязаны з узроставымі інвалюцыйнымі працэсамі ў палавых залозах і рэгулюючых сістэмах (коркавыя нервовыя цэнтры і гіпаталамус). У жанчын заканчваецца менапаузай (выпадзенне менструальных цыклаў, авуляцый, здольнасці цяжараць). Пры познім К. мужчыны здольны даваць патомства да глыбокай старасці. Паталагічны К. суправаджаецца эндакрыннымі, вегетатыўнымі і псіхічнымі парушэннямі ў форме клімактэрычнага сіндрому (прылівы гарачыні, пачашчанае сэрцабіцце, патлівасць, галавакружэнні, парушэнні абмену рэчываў, сну і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.

2) К. у фітацэналогіі — заключная стадыя развіцця біяцэнозу, на якой ён знаходзіцца дастаткова доўгі час у стане дынамічнай раўнавагі з навакольным асяроддзем. Залежыць ад клімату, глеб, антрапагеннага ўздзеяння. Паняцце К. дазваляе прадбачыць кірунак натуральнай змены расліннасці, што важна пры эксплуатацыі лясных, лугавых і стэпавых угоддзяў.

І.​У.​Дуда, А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТ ((Comte) Агюст) (19.1.1798, г. Манпелье, Францыя — 5.9.1857),

французскі філосаф, заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. У 1818—24 сакратар А.Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сац. ладу грамадства (сац. статыка) і яго развіцця (сац. дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сац. міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гіст. развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышызм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з’явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафіз. паняццяў), пазітыўную або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практ. дзейнасці). Асн. працы: «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—42), «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—54).

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНА́ ў праве,

адносіны асобы да сваіх проціпраўных дзеянняў і іх шкодных вынікаў, выяўленыя ў форме намеру або неасцярожнасці; неабходная ўмова юрыд. адказнасці. Калі ў дзеяннях асобы няма віны, яна вызваляецца ад адказнасці. У крымінальным праве перадумовай віны з’яўляюцца наяўнасць у асобы свядомасці і дасягненне ёю ўстаноўленага законам узросту крымін. адказнасці. Злачынства прызнаецца наўмысным, калі асоба, якая яго ўчыніла, усведамляла грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў або бяздзеянняў, прадбачыла іх грамадска небяспечныя вынікі і жадала (прамы намер) або свядома дапускала (ускосны намер) іх надыход. Неасцярожным злачынствам лічацца проціпраўныя дзеянні асобы, калі яна прадбачыла магчымасць наступлення іх грамадска небяспечных вынікаў, але легкадумна разлічвала на іх прадухіленне (злачынная саманадзейнасць) або не прадбачыла магчымасці іх наступлення, хоць павінна была і магла іх прадбачыць (злачынная нядбайнасць). У цывільным праве віна — умова адказнасці за правапарушэнне: невыкананне або неналежнае выкананне дагаворнага ці іншага абавязацельства, учыненне незаконнай здзелкі, нанясенне маёмаснай шкоды і г.д. Форма віны, як правіла, не ўплывае на памеры цывільна-прававой адказнасці. Калі ў надыходзе неспрыяльных вынікаў вінаваты абодва бакі, то ўлічваецца віна аднаго і другога. Пры невыкананні або неналежным выкананні абавязацельства па віне абодвух бакоў суд адпаведна змяншае меру адказнасці даўжніка. У асобных выпадках цывільнае права прадугледжвае адказнасць пры адсутнасці віны правапарушальніка. Напр., арг-цыя або грамадзянін абавязаны пакрыць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай небяспекі, за выключэннем выпадкаў, калі шкода ўзнікла ў выніку неадольнай сілы або намеру пацярпелага.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ прадпісанні, агульнапрызнаныя правілы, прынцыпы, узоры паводзін або дзеянняў індывідаў ці груп у грамадстве. Адлюстроўваюць пазітыўныя (прадпісанні) і негатыўныя (забарона) характарыстыкі дзеянняў. На аснове Н.с. забяспечваюцца ўпарадкаванасць, рэгулярнасць сац. ўзаемадзеянняў індывідаў і груп. Паўтаральнасць сац. узаемадзеянняў дае магчымасць індывідам прадбачыць дзеянні іншых удзельнікаў грамадскіх адносін і паводзіць сябе адпаведна. Мараль і права — найб. важныя сферы нарматыўнай рэгуляцыі паводзін і дзеянняў суб’ектаў грамадскіх адносін (гл. Норма права, Нормы маральныя). Н.с. бываюць універсальныя (датычаць кожнага індывіда ў грамадстве) і прыватныя (датычаць пэўнай сферы дзейнасці, статуснай пазіцыі, сац. ролі і інш.), а таксама неразвітыя, «мёртванароджаныя», нормы-фікцыі і нормы-фантомы. Адрозніваюць Н.с. паводле спосабу фіксацыі (фармальныя і нефармальныя, вусныя і пісьмовыя), ступені абагульненасці (узоры пэўнага дзеяння або агульныя прынцыпы дзейнасці), універсальнасці дзеяння (спецыфічныя або агульназначныя правы і абавязкі). Выкананне Н.с. забяспечваецца шляхам іх інтэрналізацыі (ператварэнне знешніх патрабаванняў ва ўласную звычку, патрэбу), якая адбываецца ў працэсе сацыялізацыі індывіда або за кошт інстытуцыялізацыі (уключэнне ў структуру грамадства) і сац. кантролю. Нарматыўная рэгуляцыя бывае традыцыйнай, калі крытычныя адносіны да Н.с., прынятых у дадзеным грамадстве, недапушчальныя або праследуюцца санкцыямі, і рацыянальнай, калі развіццё і абгрунтаванне новых Н.с. становіцца важнай задачай. Новыя Н.с. павінны адпавядаць аб’ектыўным умовам развіцця эканомікі, навукі, грамадства і інш. Адсутнасць або знікненне Н.с. наз. анаміяй (паводле Э.​Дзюркгейма), іх парушэнне — дэвіяцыяй (гл. Дэвіянтныя паводзіны).

Літ.:

Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;

Плахов В.Д. Социальные нормы: Филос. основания общей теории. М., 1985;

Пеньков Е.М. Социальные нормы: основания общей теории. М., 1985.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАСХАЛА́СТЫКА,

сістэма філас. і тэалагічных ідэй, якая развівалася ў рамках каталіцкай і пратэстанцкай ідэалогіі. Каталіцкая Н. сфарміравалася ў Італіі і Іспаніі ў канцы 16 — пач. 17 ст. як рэакцыя на Рэфармацыю. Яна апіралася на філасофію Арыстоцеля і Фамы Аквінскага, яе актыўна падтрымлівалі езуіты. Неасхаласты-дамініканцы Фама дэ Віо з Гаэты і Х.​Явелі проціпастаўлялі тэалагічную метафізіку Фамы Аквінскага вучэнню М.​Лютэра пра боскае прадвызначэнне. Прадстаўнік 2-й хвалі каталіцкіх неасхаластаў ісп. філосаф Ф.​Суарэс зыходзіў з разумення Бога як адзінага існага: толькі Бог валодае быццём; Бог не абумоўлівае свабодны выбар чалавека, але прадбачыць яго і дапамагае яму. Тагачасныя мысліцелі (Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Т.​Гобс, П.​Гасендзі і інш.) выступалі з адкрытай крытыкай філас. поглядаў неасхаластаў. На рубяжы 18—19 ст. пачалася т.зв. рэстаўрацыя Н. — рух, накіраваны на ўзнаўленне аўтарытэту каталіцкай царквы; пачатак яму дала энцыкліка папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму», 1879), якая абвясціла вучэнне Фамы Аквінскага адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму і стала штуршком да развіцця Н. У аснове пратэстанцкай Н. вучэнне Ф.Меланхтана, які гуманіст. ідэямі імкнуўся змякчыць фаталізм Лютэра. Найб. вядомыя яе паслядоўнікі — ням. філосафы Х.​Шэйблер і І.​Клаўберг, погляды якіх паўплывалі на філасофію К.Вольфа. Развіццё пратэстанцкай Н. завяршыў К.​Цімплер; толькі ў 18 ст. яе канчаткова выцесніла філас. школа Г.​Лейбніца і Вольфа. У 20 ст. Н. развіваецца ў рэчышчы неатамізму. Асн. палажэнні каталіцкай філасофіі сфармуляваны ў «24 тамісцкіх тэзісах», надрукаваных у 1914 паводле распараджэння папы Пія X. Сучасныя неасхаласты, якія прытрымліваюцца метадалогіі сярэдневяковай схаластыкі і тамісцкіх тэзісаў, імкнуцца растлумачыць навук.-філас. і сац. праблемы з артадаксальна-каталіцкіх пазіцый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАЗНА́ЎСТВА,

навука пра састаў, будову і ўласцівасці металаў і сплаваў, пра іх залежнасць (заканамернасці змен) ад вонкавых уздзеянняў (цеплавых, мех., хім. і інш.). Асн. практычная задача М. — пошук аптымальных саставаў і метадаў апрацоўкі сплаваў для атрымання патрэбных (зададзеных) уласцівасцей. М. ўмоўна падзяляюць на тэарэтычнае, якое разглядае агульныя заканамернасці будовы і працэсаў, што адбываюцца ў металах і сплавах пры розных уздзеяннях, і прыкладное, якое вывучае тэхнал. працэсы апрацоўкі (тэрмічная апрацоўка, ліццё, апрацоўка металаў ціскам), а таксама канкрэтныя класы метал. матэрыялаў. Састаўной ч. М. з’яўляецца металаграфія.

М. развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Яго заснавальнікамі лічацца Дз.К.Чарноў і П.П.Аносаў. Развіццю М. спрыяла адкрыццё ў 1869 перыядычнага закону Дз.​І.​Мендзялеева, што дазваляе прадбачыць уласцівасці як чыстых металаў, так і сплаваў. Станаўленню М. спрыялі працы Ф.​Асмонда і А.​Партэвена (Францыя), Г.​Тамана (Германія), У.​Робертс-Аўстэна (Вялікабрытанія) Г.​Хоу (ЗША) і інш. Значны ўклад у развіццё М. зрабілі рас. вучоныя Г.​В.​Курдзюмаў, А.​А.​Бочвар, А.​А.​Байкоў і інш.

На Беларусі работы ў галіне М. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фізіка-тэхнал. ін-це Нац. АН, БПА, інш. ВНУ і галіновых НДІ. Распрацоўваюцца пытанні павышэння якасці металапрадукцыі, удасканалення тэхналогіі яе апрацоўкі, укаранення новых спосабаў уздзеяння на структуру і ўласцівасці металаў і сплаваў, стварэння новых матэрыялаў і інш. Важкі ўклад у развіццё М. зрабілі працы бел. вучоных Г.​А.​Анісовіча, С.​А.​Астапчыка, С.​І.​Губкіна, К.​В.​Горава, Я.​Р.​Канавалава, В.​П.​Севярдэнкі, А.​В.​Сцепаненкі, В.​М.​Чачына і інш.

Літ.:

Бочвар А.А. Металловедение. 5 изд. М., 1956;

Болховитинов Н.Ф. Металловедение и термическая обработка. 6 изд. М., 1965;

Структура и свойства металлов и сплавов. Мн., 1974.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СЫ чалавека

(франц. гасе ад італьян. razza парода),

біялагічныя падраздзяленні адзінага віду сучаснага чалавека (Homo sapiens), якія склаліся гістарычна на пэўных тэрыторыях (арэалах) і характарызуюцца сукупнасцю пэўных спадчынных прыкмет будовы цела. Чалавечыя Р. не маюць тэндэнцыі да відаўтварэння і не з’яўляюцца ступенямі эвалюцыі. Паміж Р. не існуе жыццёва важных марфал., фізіял., псіхічных адрозненняў; неабмежаванае змешванне чалавечых Р. сведчыць пра адзінства іх паходжання і прыналежнасць да адзінага віду. Расавыя асаблівасці не ўплываюць на развіццё грамадства. Расавы склад народаў — вынік гіст. развіцця.

Першыя спробы класіфікацыі Р. адносяцца да 17—18 ст. (Г.​Лейбніц, К.​Ліней, Ж.​Бюфон, І.​Кант, Ж.​Кюўе і інш). Шырокае прызнанне атрымала класіфікацыя франц, вучонага Ж.​Дэнікера (1889), якая лягла ў аснову большасці сучасных сістэм. Значны ўклад у распрацоўку класіфікацыі Р. сав. антраполагаў (В.​В.​Бунак, Г.​Ф.​Дэбец, М.​М.​Чабаксараў, А.​І.​Ярхо і інш.). У сучаснай антрапалогіі існуюць 2 кірункі ў класіфікацыі чалавечых Р. — тыпалагічны і папуляцыйны. Паводле першага рабілася спроба вызначыць «расавую прыналежнасць» кожнага індывіда, што часта немагчыма, бо расавыя прыкметы наследуюцца не комплексам, а незалежна адна ад адной і часта значна вар’іруюць нават у малой групе насельніцтва, звязанай кроўнай роднасцю; падобныя прыкметы могуць узнікаць самастойна і нават ад дзеяння розных генаў. У 2-й пал. 20 ст. найбольшае прызнанне ў класіфікацыі Р. атрымаў папуляцыйны кірунак, які ўлічвае, што характарыстыка Р. заснавана на стат. крытэрыях, сярэдніх велічынях прыкмет і іх працэнтным размеркаванні, гэта асабліва важна пры вызначэнні Р. 2-га парадку, якія адрозніваюцца паміж сабой па 2—3 прыкметах. Папуляцыяністы вывучаюць адрозненні паміж групамі людзей, звязаных шлюбнымі сувязямі, па характары спадчыннасці вонкава падобных прыкмет (колер скуры і інш.), размеркаванні груп крыві і інш. Пры выяўленні роднасці Р. усё большае значэнне надаецца прыкметам з устаноўленай формай спадчыннасці. Пры гэтым, аднак, улічваецца, што канцэнтрацыя гэтых прыкмет можа значна зменьвацца пад уплывам адбору і т.зв. геннага дрэйфу, г.зн. выпадковай страты або назапашвання генаў у малых ізаляваных папуляцыях. Неабмежаванае змешванне Р. дае магчымасць прадбачыць, што ў будучым Р. перастануць існаваць, а фіз. адрозненні паміж людзьмі набудуць індывідуальны характар.

Чалавецтва падзяляецца на 3 вял. Р. 1-га парадку: аўстрала-негроідную (экватарыяльную), якая ўключае аўстралоідную, ведоідную, меланезійскую, негрскую, бушменскую Р. 2-га парадку (гл. Негроідная раса); еўрапеоідную (еўразійскую), якая ўключае атланта-балтыйскую, беламорска-балтыйскую, сярэднееўрапейскую, індаміжземнаморскую, балкана-каўказскую Р. 2-га парадку (гл. Еўрапеоідная раса); мангалоідную (азіяцка-амерыканскую), якая ўключае паўночна-азіяцкую, арктычную (эскімоскую), далёкаўсходнюю, паўднёваазіяцкую, амерыканоідную Р. 2-га парадку (гл. Мангалоідная раса). Становішча некат. груп, фізічны тып якіх не ўкладваецца ў гэты падзел, дыскусійнае. Аўстралійцы формаю валасоў падобны да еўрапеоіднай Р., іншымі прыкметамі — да экватарыяльнай (гл. Аўстралоідная раса). Айны фізічнымі прыкметамі больш падобны да еўрапейцаў, а паходжаннем бліжэй да аўстралійцаў. Гатэнтоты і бушмены падобныя да мангалоідаў жоўтым колерам скуры, інш. прыкметамі — да экватарыяльнай Р. Амер. індзейцы некат. прыкметамі набліжаюцца да еўрапеоіднай Р., іншымі яны бліжэйшыя да мангалоідаў (гл. Амерыканоідная раса). Складаным з’яўляецца пытанне пра паходжанне палінезійцаў, у якіх выяўляецца падабенства да ўсіх трох вял. Р. Ёсць меркаванне, што яны ўтварыліся ад расавых змяшэнняў. Прамежкавае становішча займаюць эфіопская (паміж еўрапеоіднай і аўстрала-негроіднай Р.), паўднёваіндыйская (паміж ведоіднай і індаміжземнаморскай Р.), уральская (паміж беламорска-балтыйскай і паўночнаазіяцкай), паўднёва-сібірская (паміж мангалоіднай і еўрапеоіднай) Р. Нейтральнае становішча займае курыльская Р.

Паводле даследаванняў Р.​Я.​Дзянісавай, В.​В.​Бунака і В.​Дз.​Дзячэнкі на тэр. Беларусі вылучаны 2 антрапал. тыпы. Беларусы паўн.-зах., паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй і валасоў, сярэднешырокі нізкі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа, сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і валасоў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р.

Фарміраванне сучасных Р., магчыма, адбылося ў эпоху позняга палеаліту, калі ўжо можна прасачыць прадстаўнікоў асн. Р.: еўрапеоідам адпавядаюць краманьёнцы, аўстрала-негроіднай Р. — познапалеалітычнае насельніцтва Паўд. і Цэнтр. Афрыкі і Інданезіі, мангалоідам — стараж. насельніцтва Сібіры і Кітая. У канцы позняга палеаліту і ў мезаліце з Пд і У людзі засялілі вобласць Паўн. Еўразіі, што суправаджалася змяшэннем прадстаўнікоў еўрапеоіднай і мангалоіднай Р. і ўтварэннем прамежкавых тыпаў. У познім палеаліце засяляецца Аўстралія з Паўд.-Усх. Азіі і Амерыка з Паўн. Азіі праз вобласць Берынгава праліва. І пазней на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываюцца пастаянныя міграцыі насельніцтва. Найб. з іх, т.зв. Вялікае перасяленне народаў, адбылося на мяжы н.э. з Цэнтр. Азіі праз Зах. Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію ў стэпы Прычарнамор’я. З 10 ст. нарманы праніклі ў Грэнландыю і Паўн. Амерыку, з 16 ст. іспанцы, партугальцы, пазней галандцы і англічане засялялі Амерыку, рускія — Сібір, галандцы і англічане каланізавалі Паўд. Афрыку. У 19 ст. ўзмацнілася эміграцыя з розных краін Еўропы ў Амерыку, англічане каланізавалі Аўстралію і Новую Зеландыю, кітайцы і японцы рассяліліся на астравах Ціхага акіяна.

Літ.:

Тегако Л.И. Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

І.​І.​Салівон.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)