РА́СЫ чалавека
(франц. гасе ад італьян. razza парода),
біялагічныя падраздзяленні адзінага віду сучаснага чалавека (Homo sapiens), якія склаліся гістарычна на пэўных тэрыторыях (арэалах) і характарызуюцца сукупнасцю пэўных спадчынных прыкмет будовы цела. Чалавечыя Р. не маюць тэндэнцыі да відаўтварэння і не з’яўляюцца ступенямі эвалюцыі. Паміж Р. не існуе жыццёва важных марфал., фізіял., псіхічных адрозненняў; неабмежаванае змешванне чалавечых Р. сведчыць пра адзінства іх паходжання і прыналежнасць да адзінага віду. Расавыя асаблівасці не ўплываюць на развіццё грамадства. Расавы склад народаў — вынік гіст. развіцця.
Першыя спробы класіфікацыі Р. адносяцца да 17—18 ст. (Г.Лейбніц, К.Ліней, Ж.Бюфон, І.Кант, Ж.Кюўе і інш). Шырокае прызнанне атрымала класіфікацыя франц, вучонага Ж.Дэнікера (1889), якая лягла ў аснову большасці сучасных сістэм. Значны ўклад у распрацоўку класіфікацыі Р. сав. антраполагаў (В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, М.М.Чабаксараў, А.І.Ярхо і інш.). У сучаснай антрапалогіі існуюць 2 кірункі ў класіфікацыі чалавечых Р. — тыпалагічны і папуляцыйны. Паводле першага рабілася спроба вызначыць «расавую прыналежнасць» кожнага індывіда, што часта немагчыма, бо расавыя прыкметы наследуюцца не комплексам, а незалежна адна ад адной і часта значна вар’іруюць нават у малой групе насельніцтва, звязанай кроўнай роднасцю; падобныя прыкметы могуць узнікаць самастойна і нават ад дзеяння розных генаў. У 2-й пал. 20 ст. найбольшае прызнанне ў класіфікацыі Р. атрымаў папуляцыйны кірунак, які ўлічвае, што характарыстыка Р. заснавана на стат. крытэрыях, сярэдніх велічынях прыкмет і іх працэнтным размеркаванні, гэта асабліва важна пры вызначэнні Р. 2-га парадку, якія адрозніваюцца паміж сабой па 2—3 прыкметах. Папуляцыяністы вывучаюць адрозненні паміж групамі людзей, звязаных шлюбнымі сувязямі, па характары спадчыннасці вонкава падобных прыкмет (колер скуры і інш.), размеркаванні груп крыві і інш. Пры выяўленні роднасці Р. усё большае значэнне надаецца прыкметам з устаноўленай формай спадчыннасці. Пры гэтым, аднак, улічваецца, што канцэнтрацыя гэтых прыкмет можа значна зменьвацца пад уплывам адбору і т.зв. геннага дрэйфу, г.зн. выпадковай страты або назапашвання генаў у малых ізаляваных папуляцыях. Неабмежаванае змешванне Р. дае магчымасць прадбачыць, што ў будучым Р. перастануць існаваць, а фіз. адрозненні паміж людзьмі набудуць індывідуальны характар.
Чалавецтва падзяляецца на 3 вял. Р. 1-га парадку: аўстрала-негроідную (экватарыяльную), якая ўключае аўстралоідную, ведоідную, меланезійскую, негрскую, бушменскую Р. 2-га парадку (гл. Негроідная раса); еўрапеоідную (еўразійскую), якая ўключае атланта-балтыйскую, беламорска-балтыйскую, сярэднееўрапейскую, індаміжземнаморскую, балкана-каўказскую Р. 2-га парадку (гл. Еўрапеоідная раса); мангалоідную (азіяцка-амерыканскую), якая ўключае паўночна-азіяцкую, арктычную (эскімоскую), далёкаўсходнюю, паўднёваазіяцкую, амерыканоідную Р. 2-га парадку (гл. Мангалоідная раса). Становішча некат. груп, фізічны тып якіх не ўкладваецца ў гэты падзел, дыскусійнае. Аўстралійцы формаю валасоў падобны да еўрапеоіднай Р., іншымі прыкметамі — да экватарыяльнай (гл. Аўстралоідная раса). Айны фізічнымі прыкметамі больш падобны да еўрапейцаў, а паходжаннем бліжэй да аўстралійцаў. Гатэнтоты і бушмены падобныя да мангалоідаў жоўтым колерам скуры, інш. прыкметамі — да экватарыяльнай Р. Амер. індзейцы некат. прыкметамі набліжаюцца да еўрапеоіднай Р., іншымі яны бліжэйшыя да мангалоідаў (гл. Амерыканоідная раса). Складаным з’яўляецца пытанне пра паходжанне палінезійцаў, у якіх выяўляецца падабенства да ўсіх трох вял. Р. Ёсць меркаванне, што яны ўтварыліся ад расавых змяшэнняў. Прамежкавае становішча займаюць эфіопская (паміж еўрапеоіднай і аўстрала-негроіднай Р.), паўднёваіндыйская (паміж ведоіднай і індаміжземнаморскай Р.), уральская (паміж беламорска-балтыйскай і паўночнаазіяцкай), паўднёва-сібірская (паміж мангалоіднай і еўрапеоіднай) Р. Нейтральнае становішча займае курыльская Р.
Паводле даследаванняў Р.Я.Дзянісавай, В.В.Бунака і В.Дз.Дзячэнкі на тэр. Беларусі вылучаны 2 антрапал. тыпы. Беларусы паўн.-зах., паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй і валасоў, сярэднешырокі нізкі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа, сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і валасоў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р.
Фарміраванне сучасных Р., магчыма, адбылося ў эпоху позняга палеаліту, калі ўжо можна прасачыць прадстаўнікоў асн. Р.: еўрапеоідам адпавядаюць краманьёнцы, аўстрала-негроіднай Р. — познапалеалітычнае насельніцтва Паўд. і Цэнтр. Афрыкі і Інданезіі, мангалоідам — стараж. насельніцтва Сібіры і Кітая. У канцы позняга палеаліту і ў мезаліце з Пд і У людзі засялілі вобласць Паўн. Еўразіі, што суправаджалася змяшэннем прадстаўнікоў еўрапеоіднай і мангалоіднай Р. і ўтварэннем прамежкавых тыпаў. У познім палеаліце засяляецца Аўстралія з Паўд.-Усх. Азіі і Амерыка з Паўн. Азіі праз вобласць Берынгава праліва. І пазней на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываюцца пастаянныя міграцыі насельніцтва. Найб. з іх, т.зв. Вялікае перасяленне народаў, адбылося на мяжы н.э. з Цэнтр. Азіі праз Зах. Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію ў стэпы Прычарнамор’я. З 10 ст. нарманы праніклі ў Грэнландыю і Паўн. Амерыку, з 16 ст. іспанцы, партугальцы, пазней галандцы і англічане засялялі Амерыку, рускія — Сібір, галандцы і англічане каланізавалі Паўд. Афрыку. У 19 ст. ўзмацнілася эміграцыя з розных краін Еўропы ў Амерыку, англічане каланізавалі Аўстралію і Новую Зеландыю, кітайцы і японцы рассяліліся на астравах Ціхага акіяна.
Літ.:
Тегако Л.И. Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
І.І.Салівон.
т. 13, с. 369