КЛІ́МАКС, клімактэрый (ад грэч. klimax лесвіца),

1) перыяд пераходу ад палавой сталасці да пажылога ўзросту ў чалавека і малп. У большасці жывёл амаль не выяўлены (пасля згасання палавой функцыі яны хутка драхлеюць і гінуць). У жанчын К. настае ва ўзросце 45—55 гадоў, у мужчын — 50—60. Звязаны з узроставымі інвалюцыйнымі працэсамі ў палавых залозах і рэгулюючых сістэмах (коркавыя нервовыя цэнтры і гіпаталамус). У жанчын заканчваецца менапаузай (выпадзенне менструальных цыклаў, авуляцый, здольнасці цяжараць). Пры познім К. мужчыны здольны даваць патомства да глыбокай старасці. Паталагічны К. суправаджаецца эндакрыннымі, вегетатыўнымі і псіхічнымі парушэннямі ў форме клімактэрычнага сіндрому (прылівы гарачыні, пачашчанае сэрцабіцце, патлівасць, галавакружэнні, парушэнні абмену рэчываў, сну і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.

2) К. у фітацэналогіі — заключная стадыя развіцця біяцэнозу, на якой ён знаходзіцца дастаткова доўгі час у стане дынамічнай раўнавагі з навакольным асяроддзем. Залежыць ад клімату, глеб, антрапагеннага ўздзеяння. Паняцце К. дазваляе прадбачыць кірунак натуральнай змены расліннасці, што важна пры эксплуатацыі лясных, лугавых і стэпавых угоддзяў.

І.​У.​Дуда, А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)