МЕМАРА́НДУМ (лац. memorandum літар. тое, пра што трэба помніць),
1) дыпламатычны дакумент, у якім падрабязна выкладаецца фактычны бок міжнар. пытання, даецца аналіз тых або інш. палажэнняў, прыводзіцца абгрунтаванне пазіцыі дзяржавы.
2) У гандлі — пісьмо з напамінкам пра што-н.
3) Дакладная запіска, службовая даведка па якім-н. пытанні.
4) Пералічэнне ў полісах небяспек, страхаванне ад якіх не праводзіцца.
т. 10, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),
удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус. паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.Р.Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.Сакальскім, стаў папулярнай песняй.
Тв.:
Поэт-революционер И.И.Гольц-Миллер /Сост. Б.Козьмин, Г.Лелевич. М., 1930.
Літ.:
Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;
Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.
Г.В.Кісялёў, І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ (Даніла Канстанцінавіч) (30.9.1914, г. Пінск — 7.7.1996),
бел. дзеяч культуры, вучоны-хімік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Сын Я.Коласа. Скончыў хім. ф-т БДУ (1936), вучыўся ў аспірантуры БДУ і працаваў там выкладчыкам. У Вял. Айч. вайну працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це і хім. групе АН БССР (Ташкент). У 1943 дэкан хімфака БДУ (на ст. Сходня пад Масквой). З 1944 у Ін-це хіміі АН БССР (ст. навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, заг. лабараторыі). Пасля смерці Я.Коласа (1956) збіральнік яго спадчыны, арганізатар Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, дзе ў 1957—80 працаваў дырэктарам, з 1980 да канца жыцця ст. навук. супрацоўнікам. Пад яго кіраўніцтвам музей стаў важным асяродкам коласазнаўства. Распрацаваў канцэпцыю мемарыялізацыі памятных мясцін Я.Коласа на Стаўбцоўшчыне (гл. Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял). Прапагандаваў спадчыну Я.Коласа, выступаў у друку, на радыё і тэлебачанні, у школах. Аўтар успамінаў, артыкулаў па коласазнаўстве і праблемах культуры.
Тв.:
Любіць і помніць: Успамінае сын Якуба Коласа. Мн., 2000.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)