МІЦКЕ́ВІЧ (Даніла Канстанцінавіч) (30.9.1914, г. Пінск — 7.7.1996),
бел. дзеяч культуры, вучоны-хімік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Сын Я.Коласа. Скончыў хім. ф-т БДУ (1936), вучыўся ў аспірантуры БДУ і працаваў там выкладчыкам. У Вял. Айч. вайну працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це і хім. групе АН БССР (Ташкент). У 1943 дэкан хімфака БДУ (на ст. Сходня пад Масквой). З 1944 у Ін-це хіміі АН БССР (ст. навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, заг. лабараторыі). Пасля смерці Я.Коласа (1956) збіральнік яго спадчыны, арганізатар Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, дзе ў 1957—80 працаваў дырэктарам, з 1980 да канца жыцця ст. навук. супрацоўнікам. Пад яго кіраўніцтвам музей стаў важным асяродкам коласазнаўства. Распрацаваў канцэпцыю мемарыялізацыі памятных мясцін Я.Коласа на Стаўбцоўшчыне (гл. Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял). Прапагандаваў спадчыну Я.Коласа, выступаў у друку, на радыё і тэлебачанні, у школах. Аўтар успамінаў, артыкулаў па коласазнаўстве і праблемах культуры.
Тв.:
Любіць і помніць: Успамінае сын Якуба Коласа. Мн., 2000.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)