ЗУБРАБІЗО́Н,

міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.

Зубрабізон.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РА-І́ЛЫЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Рэспубліцы Комі, Расія, у зах. перадгор’ях Паўн. Урала. Засн. ў 1930 для аховы лясных масіваў вадазборнай пл. рэк Пячора і Ілыч і каштоўных жывёл. Пл. 721,3 тыс. га, у т. л. пад лесам 628,5 тыс. га.

Ахоплівае 3 ландшафтныя раёны: Прыпячорскую нізіну, парослую хваёвымі барамі; перадгор’і з яловымі, піхтавымі і ялова-піхтавымі лясамі (месцамі з дамешкамі кедра); горы Урала (з добра выяўленай верт. пояснасцю) з цемнахвойнай тайгой, крывалессем, субальпійскімі лугамі, тундрай, камяністымі россыпамі. У фауне звычайныя лось, паўн. алень, мядзведзь. ліс, вавёрка і інш., сустракаюцца расамаха, выдра, воўк, куніца лясная, собаль і іх помесь — кідас. Рэакліматызаваны бабёр. У арнітафауне больш за 200 відаў, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, курапаткі белая і тундравая, крыжадзюб, кедраўка і інш. Адно з асн. нерасцілішчаў сёмгі; сустракаюцца таймень, харыус, сіг. Доследная ласяферма.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),

арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.

У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл. Гібрыдызацыя.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)