Куніца (граш. плацеж) 10/167

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАСАМЕ́НТ (ням. Indossament ад лац. in на + dorsum спіна),

перадатачны надпіс, які выконваецца на адваротным баку вэксаля, чэка, канасамента і некаторых інш. каштоўных папер і азначае перадачу правоў па гэтых дакументах ад адной асобы (індасанта) да іншай (індасату). І. можа быць імянны, ордэрны (указваецца асоба, якой ці ў распараджэнне якой перадаецца дакумент) або бланкавы (прад’яўнічы, без пазначэння асобы, якой уступаецца дакумент). І. па вэксалю або чэку ўскладае на індасата адказнасць за плацеж па гэтым дакуменце.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСІЁН (франц. pension ад лац. pensio плацеж, узнос),

1) закрытая навуч.-выхаваўчая ўстанова, у якой выхаванцы знаходзяцца на поўным утрыманні.

П. ўзніклі ў 6—8 ст. у краінах Зах. Еўропы (Германія, Англія) пры духоўных і свецкіх прыдворных школах. У Расіі пашырыліся ў 18—19 ст., адкрываліся пераважна іншаземцамі як прыватныя школы. Ствараліся і дзярж. П. (Шляхетны П. пры Маск. ун-це; сіроцкія П.). У некат. зах. краінах ёсць і цяпер; звычайна належаць царкве або прыватным асобам.

Утрыманне жыльца з поўным абслугоўваннем.

3) Тое, што і пансіянат.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЭ́ПТ (ад лац. acceptus прыняты),

1) згода на заключэнне дагавору ў адпаведнасці з прапановай (афертай) інш. боку.

2) У міжнар. праве — аднабаковая заява пра звязанасць умовамі дагавору.

3) Прыняцце плацельшчыкам (трасатам) па пераводным вэксалі (траце) абавязацельстваў аплаціць вэксаль у вызначаны ў ім тэрмін. Такі акцэпт афармляецца на правым баку вэксаля ў выглядзе адпаведнага надпісу акцэптанта.

4) Згода банка гарантаваць выплату сумы, названай у пераводным вэксалі.

5) Згода плацельшчыка на аплату грашовых і таварных дакументаў. Выкарыстоўваецца пры разліках за тавары, паслугі і выкананыя работы: плацеж ажыццяўляецца са згоды плацельшчыка па разліковых дакументах, выпісаных пастаўшчыком.

Г.​І.​Краўцова.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́НСІЯ (ад лац. pensio плацеж),

грашовае забеспячэнне, якое атрымліваюць грамадзяне з пенсіённых, страхавых і інш. фондаў пасля заканчэння прац. дзейнасці, пры інваліднасці і ў некат. інш. выпадках; гал. крыніца сродкаў для існавання пенсіянераў. Парадак назначэння і выплаты П. ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца Законам «Аб пенсіённым забеспячэнні» ад 17.4.1992 і інш. нарматыўнымі актамі. Паводле закона існуюць працоўныя П. (па ўзросце, інваліднасці, з выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай) і сацыяльныя П., якія назначаюцца грамадзянам, што не атрымліваюць прац. П., інвалідам, у т. л. інвалідам з дзяцінства, асобам, якія дасягнулі пэўнага ўзросту (мужчыны 60 і жанчыны 55 гадоў), дзецям — у выпадку страты карміцеля і дзецям-інвалідам ва ўзросце да 16 гадоў. Асобыя ўмовы назначэння П. прадугледжаны ў Рэспубліцы Беларусь Законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 22.2.1991. Пенсіённы фонд дзяржавы фарміруецца за кошт сродкаў работадаўцаў, страхавых узносаў прадпрымальнікаў і абавязковых страхавых узносаў грамадзян, якія працуюць, а таксама дзярж. бюджэту рэспублікі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)